Няма гульцоў на кантракце, гатовыя даваць шанц усім. Як «Крумкачы» жывуць амаль без грошай

Мэты ўсё роўна вялікія.

Аўтар — bytribuna com
27 лютага, 19:47
Няма гульцоў на кантракце, гатовыя даваць шанц усім. Як «Крумкачы» жывуць амаль без грошай

«Крумкачы» не могуць дазволіць сабе ўдзел у першай лізе. Распавядаем, што ў клуба з грашыма, хто будзе яго трэнаваць і на што разлічвае кіраўніцтва.

Самі адмовіліся ад Д2

З 2022 года «вораны» выступаюць у другой лізе і з таго часу двойчы заваёўвалі права на павышэнне. Спачатку сталі другімі пасля «Нівы» з Доўбізна, але ад удзелу ў Д2 адмовіліся па фінансавых прычынах. Аналагічная склалася сітуацыя ў мінулым годзе: зноў другое месца (на гэты раз пасля салігорскага «Партызана»), зноў магчымасць падняцца ў мацнейшую лігу. «Крумкачы» нават падалі заяўку, аднак потым самі ж вырашылі, што па грошах новы ўзровень не пацягнуць.

– Нягледзячы на прыцягальнасць клуба як рэкламнага брэнда, што можна бачыць па лічбах наведвальнасці матчаў, продажаў і ахопаў у сацыяльных сетках, мы атрымалі шэраг адмоў ад супрацы. На сёння ў клуба няма мінімальна неабходнага бюджэту для ўдзелу ў Д2. Рызыкаваць існаваннем клуба і дапускаць магчымае зняцце «Крумкачоў» па ходзе сезона я не маю права, – патлумачыў рашэнне дырэктар клуба Алег Давідовіч.

Не здолелі знайсці новых фундатараў

Мінімальна неабходны бюджэт для ўдзелу ў Д2 – гэта колькі? Як патлумачылі «Трыбуне» інфармаваныя крыніцы, каб гуляць у лізе без вялікіх задач і арыентуючыся на ніжнюю палову табліцы, трэба не менш за 100 тысяч долараў. Гэтая сума набягае са сціплых заробкаў гульцам і трэнерам, арэнды стадыёнаў і палёў, выездаў. Для «Крумкачоў» такая сума аказалася непасільнай.

Advertisment

Па нашых звестках, клуб спрабаваў знайсці спонсараў у самых розных сферах – сярод букмекераў, гандлёвых сетак, прамысловых прадпрыемстваў і прыватных кампаній. Некаторыя нават выказвалі зацікаўленасць у супрацы, аднак нікога падпісаць так і не ўдалося. На афіцыйным сайце ў «воранаў» цяпер фігуруе восем партнёраў: там і лічбавая друкарня, і туркампанія, і загарадны забаўляльны цэнтр, і іншыя.

Аднак гэтыя калабарацыі прыносяць вельмі сціплыя фінансы – і блізка не 100 тысяч долараў. Ды і ў трэцім дывізіёне гэтых грошай хапае, толькі каб закрыць аргпытанні.

На сёння «Крумкачы», па сутнасці, зʼяўляюцца аматарскім калектывам. У камандзе няма ніводнага гульца на кантракце – усе працуюць на добраахвотных пачатках. Пагадненні з клубам заключаныя толькі ў дырэктара і галоўнага трэнера Сяргея Казекі. Аклад апошняга ў мінулым годзе складаў менш за тысячу рублёў. Таму ў вольны ад працы з «воранамі» час спецыяліст у прыватным парадку трэнаваў дзяцей у Мінску.

Летась некаторыя футбалісты атрымлівалі ў «Крумкачах» заробкі ад 500 да 800 рублёў, але ў клуба да гэтага часу ёсць перад імі даўгі.

Адной з прычын не самай прадуктыўнай працы ў фінансавым плане стала тое, што пасля інсульту, які перанёс камерцыйны дырэктар Юры Турэйка, у «Крумкачах» не знайшлося таго, хто мог бы заняцца пошукамі фундатараў і партнёраў. Турэйка, як сцвярджаюць суразмоўцы са свету футбола, рэальна мог закрыць многія грашовыя пытанні. Пакуль спецыяліст па-ранейшаму заняты аднаўленнем.

Аднак нават нягледзячы на адсутнасць фінансавання, «Крумкачы» не маўчаць у інфаполі: вядуцца сацсеткі, працуе прэс-служба, арганізаваная праца з гледачамі, выпускаюцца арыгінальныя квіткі на матчы. Аднак усё гэта – намаганні заўзятараў і валанцёраў, якіх хвалюе лёс клуба і якія гатовыя дапамагаць проста так.

Гатовыя праглядаць усіх запар

У дзень падачы заяўкі на ўдзел у Д2 клуб абʼяўляў, што каманда плануе выйсці з адпачынку 1 лютага, аднак па факце гэта здарылася толькі 12-га. За дзень да таго кантракт з клубам працягнуў Казека. У новым сезоне яму будзе дапамагаць не Андрэй Казарын (пакінуў каманду па сямейных абставінах), а Уладзімір Бушма, які ў канцы мінулага года атрымаў трэнерскую ліцэнзію B. 40-гадовы галкіпер у сезоне-2023 правёў за «воранаў» 21 матч ва ўсіх турнірах (29 прапушчаных мячоў, 7 «сухароў»), а сёлета стане трэнерам-гульцом. Не выключана, што на полі зʼявяцца і Казека.

Што да складу, то фармуецца ён са свету па нітцы (з мінулага сезона засталася пара чалавек). Па сутнасці, у каманду бяруць усіх ахвотных, хто адпавядае ўзроўню Д3 і канцэпцыі «крумкачоў». З калектывам трэнуецца шмат зусім маладых хлопцаў, хто хоча паспрабаваць сябе хаця б на ўзроўні мінора. У асноўным футбалісты зʼяўляюцца дзякуючы сувязям і знаёмствам тых жа Бушмы і Казекі, хаця некаторыя самі тэлефануюць і прапануюць паслугі. Ёсць тыя, каго на трэнінгі прывялі бацькі – у клубе гатовыя глядзець усіх. Пры гэтым патэнцыйныя гульцы разумеюць, што нават калі зарэкамендуюць сябе, то грошай не заробяць. Каманда трэнуецца на штучным полі на Сярова (там, дзе ў свой час працавала футбольная школа Мурашкі), а праводзіць матчы чэмпіянату плануе на добра знаёмым полі РЦАР БДУ.

Задачы на сезон у сярэдзіне лютага абазначыў Давідовіч:

- Можна ставіць толькі адну задачу – заваяваць першае чэмпіёнства ў гісторыі клуба, развіваць і развівацца. Але найперш зрабіць усё магчымае, каб кожны заўзятар, хто падтрымліваў нас усе гэтыя гады і перажываў за нас, змог прыйсці на матч каманды або паглядзець трансляцыю, атрымаць яркія і незабыўныя эмоцыі, сустрэцца з сябрамі.