«Калгары» перамог «Нэшвіл», хаця гарэў 0:2. Шаранговіч з двума асістамі стаў першай зоркай матча
Дапамог перавярнуць ход сустрэчы.
8 лістапада, 16:30
Чатыры галы запар, у тым ліку тры ў трэцім перыядзе, дапамаглі «Калгары» здабыць перамогу над «Нэшвілам» 4:2.
У двух галявых момантах узяў удзел беларус Ягор Шаранговіч. У трэцім перыядзе, калі ягоны «Калгары» саступаў 1:2, форвард спачатку двойчы паспрабаваў закінуць сам, а пасля аддаў выдатны пас на Ноа Ханіфіна, які і зраўняў лік.
Наступнае выніковае дзеянне беларуса здарылася на 19-й хвіліне, калі ён вывеў Кадры на пустую браму, і той ужо не прамахнуўся.
Плённыя дзеянні 17-га нумара не засталіся без увагі - яго прызналі першай зоркай матча.
Гэта гульня стала 12-й для Шаранговіча са старту чэмпіянату НХЛ. На сёння ён мае ў актыве 5 (2+3) пунктаў пры паказніку карыснасці «-3».