Рэвалюцыянер! Энеа Басціаніні адкрыў новы сезон MotoGP перамогай на Гран Пры Катара

Ад першых этапаў новых сезонаў буйных гоначных чэмпіянатаў заўсёды чакаеш нейкіх сюрпрызаў. Матацыклетны Гран Пры Катара ў гэтым сэнсе перасягнуў многія нават вельмі смелыя чаканні. Прычым перамога гоншчыка каманды Gresini Энеа Басціаніні – першая ў яго кар’еры! – стала не адзінай сенсацыяй.

7 сакавіка 2022, 15:48
Рэвалюцыянер! Энеа Басціаніні адкрыў новы сезон MotoGP перамогай на Гран Пры Катара

Фота: motogp.com

Ад першых этапаў новых сезонаў буйных гоначных чэмпіянатаў заўсёды чакаеш нейкіх сюрпрызаў. Матацыклетны Гран Пры Катара ў гэтым сэнсе перасягнуў многія нават вельмі смелыя чаканні. Прычым перамога гоншчыка каманды Gresini Энеа Басціаніні – першая ў яго кар’еры! – стала не адзінай сенсацыяй.

Галоўнае, што зараз хвалюе ўсіх сумленных людзей па ўсім свеце – гэта вайна ва Украіне, развязаная крыважэрным расійскім карлікам-дыктатарам. Мірныя людзі, ад немаўлят да старых, якія шмат гадоў без праблем сябравалі адзін з адным, размаўляючы і на ўкраінскай, і на рускай мовах, зараз гінуць і пакутуюць ад артылерыйскіх абстрэлаў і авіяналётаў.

Мужныя і смелыя ўкраінскія мужчыны і жанчыны, якія супрацьстаяць страшэннаму ворагу ўжо адзінаццаць дзён, бароняць не толькі сваю зямлю. Яны не пускаюць фашысцкую навалу далей у свабодны свет. Звер абломвае аб іх свае іклы, не разумеючы, што перамагчы свабодных людзей немагчыма, тым больш яму з яго непавагай да сваіх жа салдатаў.

Заходні свет зараз абавязаны дапамагаць Украіне усім: зброяй, боепрыпасамі, тэхнікай, грашыма, а таксама рашучымі палітычнымі і ваеннымі дзеяннямі. Крамлёўскі дыктатар, які спужаўся так, што схаваўся ў бункеры, разумее толькі мову сілы, і на гэтую мову з ім і трэба перайсці. Такія злачынствы нельга дараваць і забывацца пра іх.

Advertisment

Украіна ж выстаіць і адновіцца. Яе чакаюць светлая будучыня лідарская роля ў аб’яднанні свабодных народаў Усходняй Еўропы. Свабода, якая пераможа на яе зямлі, непазбежна прыйдзе і на нашу. Зычу ўкраінцам сіл у іх барацьбе і веру ў іх. Слава Україні! Героям слава! Жыве Беларусь!

Не сумняваюся, што ў новай прыгожай Украіне ўжо бліжэйшай будучыні пачнецца росквіт і аўта- і мотагонак. Свае этапы ў ёй мусяць будуць праводзіць і Формула 1, і MotoGP, таму што ўкраінцы гэтага вартыя. Ну і проста хочацца, каб яны на ўласныя вочы бачылі прыгожыя спартыўныя шоу, як учарашняе на трасе Ласаіл у Дохе.

Прыемна, усё ж такі, не памыляцца ў прагнозах. Вось і я ў прэв’ю перад самым пачаткам новага сезону MotoGP, усклаў вялікія надзеі на каманду Gresini. Яна ў гэтым годзе аддзялілася ад Апрыліі, якая стала асобнай завадской, і перайшла на мінулагоднія матацыклы Ducati Desmosedici GP21. Ад чаго, як выяўляецца цяпер, толькі выйграла, прычым у прамым сэнсе.

Энеа Басціаніні і ў мінулым годзе двойчы падымаўся на подыумы, а цяпер, атрымаўшы ў сваё распараджэнне канкурэнтаздольную тэхніку, адразу замахнуўся на большае. У кваліфікацыі ў суботу ён саступіў толькі гоншчыку Pramac Racing Хорхе Марціну, які выступае на самым новым Desmosedici GP22. Была і яшчэ адна пазітыўная навіна – трэцюю стартавую пазіцыю заваяваў Марк Маркес, ад якога ўсе даўно чакаюць контрнаступлення.

А вось учарашнія фаварыты на Гран Пры Катара неяк адразу праваліліся. Дзейсны чэмпіён Фабіа Куартарара з завадской Ямахі кваліфікаваўся толькі адзінаццатым, яго стары новы напарнік Франка Марбідэлі замкнуў першы тузін. Віцэ-чэмпіён Франчэска Баньяя з завадской Ducati паказаў дзявяты вынік. Толькі яго аўстралійскі напарнік Джэк Мілер часткова ўратаваў рэнамэ каманды, размясціўшыся на чацвёртай пазіцыі.

Так, па хуткасці ўсе, хто прайшоў у фінал кваліфікацыі, былі даволі блізкія, умясціўшыся ў адну секунду. Але ўсё роўна некаторыя з іх апынуліся ў нязвычных ролях, і цяпер мусілі прарывацца скрозь пелатон, а не задаваць тэмп, як раней. Толькі і прарвацца атрымалася далёка не ва ўсіх, а ў кагосьці атрымалася ну зусім не тое, чаго яны чакалі.

Марцін дык увогуле праваліў старт, адразу страціўшы некалькі пазіцый. На першую ж вырваўся Маркес, а на другую з шостай прарваўся яго суайчыннік і напарнік па Repsol Honda Team Пол Эспаргара. Разам з ім выдатны старт правёў і гоншчык завадской каманды KTM Брэд Біндэр, які з сёмай пазіцыі падняўся на трэцюю. Паблізу ад іх адразу замацаваўся і Басціаніні, які на старце праявіў асцярожнасць і не надта ўпіраўся на ўваходзе ў першы паварот.

Для завадской жа каманды Ducati і для Pramac усё пайшло не па плане з самага пачатку. Пазіцыі страціў не толькі Марцін, але і Мілер, які разам з Баньяяй апынуўся за межамі першай дзясяткі. Пры гэтым аўстраліец склаў зброю ўжо на сёмым кругу, сышоўшы з дыстанцыі праз механічныя праблемы.

Зрэшты, і Пэка заставаўся ў гонцы нямногім даўжэй. З грахом папалам вярнуўшыся ў Топ-10, італьянец у пачатку дванаццатага круга паспрабаваў абагнаць Марціна. У першы паварот яны ўвайшлі паралельнымі курсамі, але Баньяя, які быў на ўнутранай траекторыі, згубіў свой байк у лоўсайдзе, выбіўшы і Хорхе. Абодва зляцелі ў гравій і таксама выбылі з барацьбы.

Хапала падзей і ў групе лідараў, хоць там абыходзілася без падзенняў. А вось без памылак не абыходзілася, і адным з тых, хто іх дапускаў у самым пачатку, быў Маркес. Шасціразовы чэмпіён прэм’ер-катэгорыі праз памаркі ў першым і другім паваротах на другім кругу прапусціў Пола Эспаргара, на шостым Біндэра, а на сёмым – і Басціаніні. Змагацца Марку давялося са старэйшым братам Пола Эспаргара Алешам з завадской Апрыліі і чэмпіёнам 2020 года Хоанам Мірам з Suzuki, і фінішаваў ён у выніку паміж імі, на пятай пазіцыі.

Іспанцы наогул акупіравалі ў фінішным пратаколе пазіцыі з трэцяй па сёмую. Чаму моцна паспрыяў Басціаніні, які, відаць, лепей за канкурэнтаў збярог шыны, і ў другой палове гонкі быў адным з самых хуткіх. За дзесяць кругоў да фінішу ён без асаблівых цяжкасцей абагнаў на стартавай прамой Біндэра, а за чатыры – Пола Эспаргара. Гоншчык Хонды паспрабаваў быў контратакаваць, але выехаў за межы першага павароту, прапусціў яшчэ і канкурэнта з KTM і фінішаваў трэцім.

Куартарара мог бы не замкнуць і першую дзясятку, і толькі сходы Мілера, Баньяі і Марціна дапамаглі яму заняць дзявятае месца. Відаць, Эль Д’ябла не проста пускаў пыл у вочы канкурэнтам, калі скардзіўся на недахоп хуткасці на перадсезонных тэстах. Хоць рабіць нейкія высновы ўжо зараз я б не стаў, і на наступных этапах абавязкова стрэляць а астатнія ўдзельнікі, у тым ліку чэмпіён і віцэ-чэмпіён.

Тым больш што, напрыклад яго суайчыннік і напарнік Басціаніні па Gresini Фабіа дзі Джанантоніа фінішаваў учора толькі сямнаццатым. Зрэшты, ён дэбютант, і пакуль што ўсяму вучыцца. І як бы там ні было, Фауста Грэзіні, калі б ён не пайшоў з жыцця пару гадоў таму, зараз справядліва б ганарыўся першым вялікім поспехам Энеа і свайго калектыву ў прэм’ер-класе MotoGP.

Турнірная паліца ў асабістным заліку чэмпіянату цалкам адпавядае фінішнаму пратаколу Гран Пры Катара. Басціаніні лідзіруе з 25 ачкамі, Біндэр займае другую пазіцыю і мае 20 балаў, Пол Эспаргара трэці, у яго 16 ачкоў. А вось у камандным заліку на першую пазіцыю нарэшце вярнулася завадская Repsol Honda Team, у якой 27 балаў. Gresini Racing MotoGP адстае ад яе на два ачкі, займаючы другую пазіцыю, а Red Bull KTM Factory Racing з 20 баламі замыкае першую тройку.

Наступны этап чэмпіянату MotoGP пройдзе 18-20 сакавіка і якраз можа паднесці нам яшчэ сюрпрызаў. Таму што гэта будзе новы для ўсіх Гран Пры Інданэзіі, прымаць які будзе траса Мандаліка.