Фінал пасярэдзіне? Перамога Макса Ферстапена на Гран Пры Бельгіі прымусіла ўсіх засумаваць

Штраф за замену элементаў сілавой устаноўкі, старт з трынаццатай пазіцыі і разгромная перамога адносна нават напарніка па камандзе, які стартаваў значна вышэй. У Спа-Франкаршам Макс Ферстапен даказаў усім, што чэмпіёнам свету ў мінулым годзе ён стаў не выпадкова. Толькі ў чэмпіянаце, здаецца, усё ўжо вырашана, што ёсць не надта добрай навіной.

30 жніўня 2022, 22:45
2
Фінал пасярэдзіне? Перамога Макса Ферстапена на Гран Пры Бельгіі прымусіла ўсіх засумаваць

Штраф за замену элементаў сілавой устаноўкі, старт з трынаццатай пазіцыі і разгромная перамога адносна нават напарніка па камандзе, які стартаваў значна вышэй. У Спа-Франкаршам Макс Ферстапен даказаў усім, што чэмпіёнам свету ў мінулым годзе ён стаў не выпадкова. Толькі ў чэмпіянаце, здаецца, усё ўжо вырашана, што ёсць не надта добрай навіной.

Але пачаць хочацца з добрых навін. Так, Украіна ўжо паўгода пакутуе ад вайны. Так, расійска-фашысцкія захопнікі на пачатку свайго уварвання прасунуліся на значную глыбіню. Аднак учора мужныя ўкраінскія ваяры распачалі сваё доўгачаканае контрнаступленне.

Мы зычым перамогі Украіне! Мы верым у яе Узброеныя сілы, верым, што Херсон хутка будзе вызвалены, а акупантам дастанецца толькі першы склад яго назвы. Гэта толькі самы пачатак, і вызваляць належыць значную частку ўкраінскай зямлі, у тым ліку Крым. Затое цяпер мала засталося сумневаў, што ва ўкраінцаў усё атрымаецца.

Расійскі фашысцкі рэжым, які зараз давіць усіх, хто называе вайну вайной і выступае супраць яе, не перажыве непазбежнай ваеннай паразы. А гэта значыць, што разам з ім абрынецца і той, што пануе апошнія два гады ў Беларусі. Мы з украінцамі не ворагі адзін аднаму, і зможам пабудаваць сапраўдны раўнапраўны саюз паміж народамі нашымі, а таксама балтыйскіх краін і Польшчы. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Другая добрая навіна – Спа-Франкаршам яшчэ як мінімум на адзін год застаецца ў календары Формулы 1. Хаця далейшая будучыня адной з лепшых у свеце трас пакуль што невядомая. Кіраўніцтва Вялікіх Прызоў, натхнёнае ростам іх папулярнасці, асабіста ў ЗША, павысіла патрабаванні да прамоўтэраў еўрапейскіх этапаў.

Advertisment

І арганізатары гонкі на трасе Поль Рыкар, як выявілася, ім не адпавядаюць. Туды каралеўскія аўтагонкі пакуль што больш не збіраюцца, і на наступны год Гран Пры Францыі не запланаваны. Хоць гэта і не значыць, што ён больш не адбудзецца ў прынцыпе – намаганні зацягнуць Формулу 1 да сябе прыкладаюць улады Ніцы, якія абяцаюць падрыхтаваць вулічную трасу.

Нажаль, патрабаванням каманды McLaren не адпавядаюць выступленні ў гэтым сезоне Даніэля Рыкарда. Прызвычаіцца да новага баліда ў аўстралійца так і не атрымалася, тады як яго малады напарнік Ланда Норыс спраўляецца значна лепей. І па сканчэнні гэтага сезона Дэн пакіне калектыў з Уокінга. Вось хто прыйдзе яму на замену – пакуль што пытанне адкрытае. Прэтэндэнтаў у McLaren багата, іх некалькі толькі ў серыі IndyCar. Плюс суайчыннік Рыкарда Оскар Піастры, які зараз выступае ў Формуле 2 і з якім адбыўся цікавы кейс.

Адразу пасля Гран Пры Вугоршчыны ўзарвалася інфармацыйная бомба – на месца чатырохразовага чэмпіёна Себасцьяна Фетэля, які завяршае сваю кар’еру, у Aston Martin пераходзіць з Alpine чэмпіён двухразовы – Фернанда Алонса. Для Alpine яго крок стаў нечаканым у першую чаргу, і ў камандзе паспяшылі аб’явіць, што яго заменіць якраз Піастры, якога французскі калектыў апякае апошнія гады.

А малады аўстраліец адразу ж у сваіх сацыяльных сетках абвясціў, што заява Alpine была зробленая без яго згоды, і там яго ў наступным годзе не будзе. Оскар збіраецца якраз у McLaren на месца Рыкарда. Сітуацыя складаная з юрыдычнага гледзішча, бо ў Alpine на самой справе ўклалі шмат сродкаў у развіццё гоншчыка.

Чысціню яго здзелкі з McLaren, якая быццам бы дагэтуль афіцыйна не пацверджаная, на гэтым тыдні разглядае спецыяльная камісія FIA. Зрэшты, і ў Alpine ёсць запасныя варыянты, бо верагоднасць таго, што Мік Шумахер пазбавіцца падтрымкі Ferrari і сыдзе з Haas высокая. Дый у Red Bull, па апошніх звестках, гатовыя адпусціць П’ера Гаслі з AlphaTauri.

У жніўні таксама нарэшце быў зацверджаны рэгламент на сілавыя ўстаноўкі з 2026 года. Найбольш адметных тэхнічных змен дзве – адмова ад цеплавога матор-генератар (MGU-H) і павелічэнне магутнасці кінетычных матор-генератараў (MGU-K) прыкладна да 350 кВт (476 к.с.) з адначасовым паніжэннем магутнасці рухавікоў унутранага выгарання, якія захаваюць існуючую цяпер схему (1,6-літровыя турбіраваныя V6). Такім чынам, агульная аддача сілавых установак складзе болей за 1 000 конскіх сіл.

Яснасць з правіламі ўжо падштурхнула да рашэння Audi прыйсці ў чэмпіянат свету ў якасці пастаўшчыка сілавых установак. Па чутках, нямецкая кампанія набудзе 75-адсоткавую долю ў Sauber. Швейцарцы ў наступным годзе разыходзяцца з Alfa Romeo, і новы партнёр ім вельмі патрэбны. Пры гэтым шасі па-ранейшаму будуць будавацца ў Хінвіле.

А вось Porsche са сваім рашэннем не спяшаюцца! Ізноў жа па чутках, у Штутгарце планавалі набыць долю ў Red Bull Racing, толькі 50-адсоткавую. Калектыў з Мілтан-Кінса застаўся без тэхнічнага партнёра пасля зыходу Хонды, аднак перспектывай, што на рашэнні будуць уплываць немцы, нікога не ўсцешвала. Але, па-першае, Honda ўсё роўна аказвае падтрымку, і Red Bull сам можа будаваць сілавыя ўстаноўкі, а па-другое…

Я некалі казаў, што Honda не ўпершыню пакідае Формулу 1. Вось і новы рэгламент на рухавікі зацікавіў японцаў, і яны не выключаюць свайго вяртання. Таму будучыня чэмпіянату свету будзе не меней цікавай, чым была летняя паўза.

Але лепей бы так падзеямі быў насычаны не жнівеньскі перапынак у чэмпіянаце свету, а Гран Пры Бельгіі, які ў мінулыя выхадныя адкрыў другую частку сезона. Зрэшты, падзеі ў ім усё ж такі былі, гарантыяй чаму была трынаццатая стартавая пазіцыя Макса Ферстапена. Не-не, пілот Red Bull, як і мае быць, напярэдадні заваяваў поўл. Але яшчэ перад пачаткам этапу атрымаў новыя элементы сілавой устаноўкі, за што і быў пакараны.

І не толькі ён, але і яго галоўны канкурэнт па чэмпіянаце з Ferrari Шарль Леклер. Гэта здавалася галоўным расчараваннем, бо пазбегні манэгаск штрафу, ён пачынаў бы гонку ў Спа трэцім (кваліфікаваўся Шарль чацвёртым). Толькі наўрад ці б тое нешта моцна змяніла б. Ну фінішаваў бы Леклер не пятым, а трэцім або чацвёртым. На перамогу ж яму разлічваць гэтым разам не прыходзілася.

Цікавейшым Гран Пры Бельгіі выйшаў бы, калі б Макс і Шарль пачыналі б гонку з апошняга шэрагу, але паколькі элементы сілавых установак мянялі на машынах яшчэ шасці пілотаў, на стартавай рашотцы яны спачатку апынуліся чатырнаццатым і пятнаццатым адпаведна. І падняліся яшчэ на пазіцыю вышэй, калі на ўстановачным кругу ўзніклі праблемы на машыне Гаслі, і француз вымушаны быў стартаваць з боксаў.

Ці трэба казаць, што прарывацца дзейснаму чэмпіёну ў выніку было значна лягчэй? Тым больш што і пелатон перад ім пачаў радзець ужо на першым кругу, які, бадай, і стаў самым відовішчным з сарака чатырох. Напарнік Макса Серхіа Перэс стартаваў другім, але адразу прапусціў Алонса і абодвух пілотаў Mercedes. З адным з іх іспанец у павароце Les Combes затым і не падзяліў трасу.

Гаворка аб сяміразовым чэмпіёне і былым напарніку Фернанда Льюісе Хэмілтане. Ён у павароце смела пасунуўся ў бок Фернанда і адправіўся ў кароткі палёт пасля таго, як іх машыны крануліся адна адной. Для Хэмілтана гонка на гэтым і скончылася, бо яго балід атрымаў пашкоджанні (у камандзе, дарэчы, падазраюць, што пацярпеў рухавік, які на наступным этапе, магчыма, таксама прыйдзецца мяняць і атрымліваць штраф).

А яшчэ Льюіс атрымаў разгорнутую характарыстыку ад Алонса, які назваў брытанца ідыётам, адзначыўшы, што толькі першым стартаваць той і ўмее. Сам Фернанда пры гэтым праблем пазбег і скончыў гонку на вельмі нядрэнным пятым месцы. Дакладней, на шостым, але яно стала пятым, калі пасля фінішу Леклер атрымаў штраф за перавышэнне хуткасці на піт-лэйне падчас фінальнага піт-стопу.

Адправіцца на яго пад канец гонкі і атрымаць мяккія шыны, каб адабраць у Ферстапена хаця б бонусны бал за лепшы круг, Шарля і Ferrari вымусілі абставіны. Угнацца за Максам магчымым не прадстаўлялася. Лідарства ён захапіў яшчэ на дванаццатым кругу, прытым што Леклер на той момант плёўся ззаду. Першы піт-стоп яму прыйшлося зрабіць ужо на другім кругу, бо ў тармазны паветравод аднаго з пярэдніх колаў патрапіла чыясьці плёнка візару (злыя языкі кажуць, што Максава), праз што тармазы пачалі перагравацца.

Ферстапен жа ўвесь гэты час упэўнена прарываўся, а калі пасля свайго першага піт-стопу вярнуўся на трасу на другой пазіцыі, то было зразумела, што напарнік Леклера Карлас Сайнс, які пасля пакарання нідэрландца і стаў першым на стартавай рашотцы, стрымліваць чэмпіёна не зможа. І на самой справе, каб дагнаць іспанца, Максу спатрэбілася два кругі, і на васямнаццатым ён абагнаў Сайнса. На дваццаць першым тое ж самае зрабіў і Перэс.

У такім парадку ўсе трое і фінішавалі ў гонцы. Лепшым з астатніх ізноў стаў Джордж Расэл, які пацвердзіў сваю мянушку Містэр Сталасць. Пры гэтым брытанец адстаў ад Ферстапена амаль на палову хвіліны. Перэс напарніку саступіў меней, але таксама шмат – амаль васямнаццаць секунд. Карацей, супраць Макса ў мінулы ўік-энд шанцаў не было ні ў каго. Дый у чэмпіянаце яны наўрад ці цяпер у кагосьці ёсць.

Ферстапен у ім лідзіруе, маючы 284 ачкі. Перэс падняўся на другую пазіцыю, у яго 191 бал, на пяць болей, чым у Леклера, які апусціўся на трэці радок. Red Bull з 475 ачкамі ўзначальвае Кубак канструктараў, дзе Ferrari, у якой 357 балаў, пакуль што на другой пазіцыі. Але Mercedes, які замыкае першую тройку, ужо на небяспечнай адлегласці – у яго 316 ачкоў.

У гэтым годзе Red Bull мае перавагу па хуткасці на прамых, тады як Ferrari быццам бы хутчэй у паваротах і мае большую прыціскную сілу. І можна было б спадзявацца, што хатні для Ферстапена Гран Пры Нідэрландаў, што пройдзе ўжо на гэтым тыдні, гэтым разам будзе для яго цяжэйшым. Але тут я б параіў успомніць мінулагодні, каб не цешыць сябе марнымі ілюзіямі. Гледзячы па ўсяму, фінал сезону адбыўся амаль пасярэдзіне яго.