На рэжымным ТБ паказалі, як ідзе рэканструкцыя бядовага стадыёна «Нафтана». Што ўжо паспелі зрабіць?

Не тое каб звярталі ўвагу на футбол.

Аўтар — Alex Zagorski
22 ліпеня, 16:11
2
На рэжымным ТБ паказалі, як ідзе рэканструкцыя бядовага стадыёна «Нафтана». Што ўжо паспелі зрабіць?

11 ліпеня на рэжымным тэлеканале «Звязда. Наваполацк» выйшаў сюжэт пра рэканструкцыю мясцовага стадыёна «Атлант», якому ў белфутболе не раз даставалася за трухлявы стан

Па словах начальніка аддзела спорту і турызму Наваполацкага рэжымнага гарвыканкаму Пятра Ражкова, у бягучым годзе на арэне планавалася правесці мадэрнізацыю бегавых дарожак і сектараў. На дадзены момант «амаль на 100%» скончаны бетонныя працы, і ў хуткім часе пачнуць слаць новае «сучаснае» пакрыццё.

Таксама плануецца знізіць плот перад трыбунамі на тры пралёты, што, па словах Ражкова, паспрыяе большай асалодзе гледачоў ад футбольных і лёгкаатлетычных спаборніцтваў «не праз клетачку» (іранічныя словы ў цяперашняй Беларусі).

Яшчэ на «Атланце» запланавалі замену старога табло на новае, якое таксама «будзе адпавядаць сучасным стандартам». Нагадаем, вось што атрымаў Наваполацк у апошні раз, калі мянялі табло – падрабязнасці функцыянавання паказваў YouTube-канал «ЧестнОК»:

Таксама, як сцвярджае Ражкоў, на «Атланце» выправілі недахопы – зрабілі два сектары для скачкоў у даўжыню (раней быў адзін), аддалілі бетон ад футбольнага поля.

Скончыць працы на стадыёне плануецца да верасня. У тым жа месяцы хочуць правесці «маштабнае адкрыццё» адноўленага «Атланта» – падчас матчу ЧБ з удзелам «Нафтана» і падчас правядзення лёгкаатлетычнага турніру «на ўзроўні не меней за абласны».

Advertisment

У канцы сюжэту Ражкоў адзначыў, што правядзенне мадэрнізацыі ажыццяўляецца за кошт сродкаў падаткаплацельшчыкаў (чыноўнік назваў гэта «сродкамі бюджэту») і на дадзены момант асвоілі 30% бюджэту.

Пакуль жа «Нафтан» прымае хатнія матчы вышэйшай лігі ў абласным цэнтры на ЦСК «Віцебскі». У сярэднім не гульні «нафтавікоў» прыходзіць па 462 гледачы. Менш у чэмпіянаце мае толькі «Энергетык-БДУ» (395).