Вось ужо месяц, як беларуска выпала са складу зборнай Украіны па біятлоне. Першая частка сезону склалася для яе жахліва

Пакуль што ў Дарʼі Блашко не ідзе.

Аўтар — KentYara98
29 студзеня, 12:51
Вось ужо месяц, як беларуска выпала са складу зборнай Украіны па біятлоне. Першая частка сезону склалася для яе жахліва

28-гадовая беларуская Дар'я Блашко знікла з інфармацыйных радараў. Некалі перспектыўная беларуская біятланістка (станавілася чэмпіёнкай свету сярод юніораў), якая ў 2017-м годзе змяніла грамадзянства на ўкраінскае, няўдала пачала сезон-2023/24.

Хаця лета ў нараджэнкі Наваполацку было шматабяцальным – у пачатку мінулага ліпеня спартсменка перамагла ў суперспрынце на біятлонным фестывалі ў італьянскім Фрасінора, абышоўшы Даратэю Вірэр, а праз месяц стала 7-й у гэтай жа дысцыпліне на летнім чэмпіянаце свету ў славацкім Брэзна-Асрблі. Сама Блашко расказвала ў жніўні 2023-га пра спадзевы, што ў новым сезоне ўсё атрымаецца.

«Ёсць матывацыя, паглядзім, ці не адабʼюць яе некаторыя людзі. Шчыра кажучы, хачу як мага лепш прадстаўляць Украіну на міжнародных стартах і рэалізаваць сябе максімальна як спартсменка».

Але ўжо на старце першага этапу Кубка свету ў шведскім Эстэрсундзе стала зразумела, што Блашко мае праблемы. Экс-беларуска жудасна прабегла другі этап эстафеты, схапіўшы штрафны круг (прадэманстравала вельмі нізкую дакладнасць стальбы - усяго 69,2 адсоткі!) і ўвогуле стала найгоршай па хуткасці на гэтым адрэзку. Блашко перадала эстафету партнёрцы Ганне Крыванос з адставаннем у 4 хвіліны (хаця прымала з адставаннем 1 хвіліна 18 секунд). У выніку зборная Украіны стала 12-й.

Advertisment

Пасля гонкі Блашко прызнавалася, што расчараваная сваім выступам і не магла адшукаць тлумачэнняў промахам падчас стральбы: маўляў, надворʼе не было дрэнным, аднак па незразумелай для спартсменкі прычыне адразу тры патроны пайшлі ў «малако».

«Не ведаю, чаму было так шмат промахаў. У мяне гэта другі раз у карʼеры, калі я заходжу ў эстафеце на штрафны круг. Я прыехала на стойку, усё было нармальна, я ўсё кантралявала. Страляю, быццам усё добра, але прамахваюся і не разумею чаму так. Калі першая прамашка – гэта мая памылка, то два іншых... Шчыра кажу, не разумею, чаму так. Канешне, буду аналізаваць, што адбылося. Іншыя прамахваліся, можа, з-за ветра, так – ён быў на стадыёне. Але калі я страляла, ніякіх асаблівых парываў не было».

У спрынце ў Блашко таксама не пайшло – спартсменка стала 78-й, саступіўшы лідару гонкі, францужанцы Лу Жанмона, больш за 3 хвіліны.

Пасля гэтага этапа КМ трэнерскі штаб украінскай каманды прыняў рашэнне адправіць Дарʼю на Кубак IBU. У шведскім Ідрэ экс-беларуска стала 56-й у спрынце, а на другой гонцы хоць і была ў заяўцы, на старт не выйшла. Пазней спартсменка паведаміла, што мела праблемы са здароўем, які пачаліся яшчэ ў Эстэрсундзе, а ў Ідрэ да іх дадаўся яшчэ і кашаль.

Блашко ўсё ж ачуняла да чэмпіянату Украіны, які праходзіў у Явараве з 20 па 24 снежня. У праследаванні Блашко заехала ў медалі, стаўшы трэцяй і саступіўшы лідару Аляксандры Мяркушынай дзве з паловай хвіліны, у спрынце – 5-й з адставаннем у паўтары хвіліны ад Любові Кіпячэнковай.

Трэнерскі штаб гэтыя вынікі пакуль не пераканалі – на этапы Кубка свету ў Германіі і Італіі спартсменку не ўзялі. У Кубку IBU яна таксама не выступае. У 2024 годзе Блашко пакуль не стартавала. Інфармацыі пра нейкія праблемы спартсменкі біятланісткі са здароўем няма. 28 студзеня яна адсвяткавала свой 28-ы дзень нараджэння.

На афіцыйным сайце Федэрацыі біятлона Украіны Блашко па-ранейшаму застаецца ў складзе зборнай.