У Горках вырашылі своеасабліва папулярызаваць спорт: за магчымасць пабегаць па расчышчаных бегавых дарожках гарадскога стадыёна цяпер бяруць грошы
Дзякуй, што інвалідам бясплатна 🤷🏻♂️
Выданне horki.info распавяло гісторыю, якая выклікала абурэнне мясцовых жыхароў. Напачатку лютага грамадству паведамілі, што цяпер скарыстацца бегавымі дарожкамі на гарадскім стадыёне можна толькі за грошы.
Навіна пачала актыўна абмяркоўвацца ў розных чатах Горак. Як адзначае выданне, людзі дзяліліся рознымі меркаваннямі, але пераважна негатыўнымі. Вось каментар адной жанчыны:
– Вельмі цікавая гісторыя. Цяпер, каб людзям схадзіць на стадыён, трэба заплаціць 2,2 рубля за гадзіну. Гэта без інструктара і медработніка – проста пахадзіць па стадыёне. Там шмат людзей пенсіённага ўзросту і тых, хто аднаўляецца пасля інсульту. Ну, хоць інвалідам бясплатна.
Потым horki.info звязаліся з адміністрацыяй стадыёна. Там інфармацыю аб увядзенні платы за выкарыстанне дарожак пацвердзілі, аднак удакладнілі, што падобны фармат працы праходзіць у тэставым рэжыме. На дадзены момант расчышчана адна дарожка, адначасова карыстацца якой могуць некалькі чалавек, якім, пры іх жаданні, дазволяць скарыстацца распранальняй.
А як будуць вырашацца спрэчныя сітуацыі? Напрыклад, чалавек прыйшоў, вырашыў пабегаць і аплаціў білет, пачаў займацца, а хвілін праз 30 зразумеў, што больш не можа ці стала дрэнна.
Элементарна! Грошы яму за нявыкарыстаны час не вернуць, але зробяць пазнаку, і ў наступны раз ён зможа дазаймацца гэтыя паўгадзіны, плату не возьмуць.
Іншых навін папулярызацыі спорту ў Беларусі ў нас няма 🤦🏻♂️