Экс-вядучага сацсетак «Энергетыка-БДУ» Котава ў «судзе» абвінавачваюць у каментарах пра нелегітымнасць дзеянняў сілавікоў і закліках да забастовак

22 лютага 2023, 16:37

Справу экс-вядучага сацсетак «Энергетыка-БДУ» Івана Котава разглядаюць у судзе рэжыму Лукашэнкі па Мінскай вобласці.

«Суд» абвінавачвае 24-гадовага Котава ў тым, што мужчына з'яўляўся ўдзельнікам «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў і чатаў, у якіх з 12 жніўня па 23 верасня 2020 года пакінуў каментары.

Пракуратура рэжыму Лукашэнкі па Мінскай вобласці сцвярджае што, у каментарах Котава ўтрымліваліся выказванні пра нелегітымнасць дзеянняў сілавікоў, распальванне сацыяльнай варожасці, заклікі, рэкамендацыі і навучальныя інструкцыі для ўдзелу ў пратэстных акцыях, заклікі да забастовак, абраза Лукашэнкі.

Адзначым, што Котаў з'яўляецца кандыдатам у майстры спорта па безэкіпіровачнаму паўэрліфтынгу, а таксама вядзе ютуб-канал «ВлогИКа» на якім распавядае пра навіны спорту.