Трое з чатырох гульцоў «Нёмана», якія трапілі ў «чорны спіс» «мінспорту», пакінулі клуб
Паўабаронцы Валеры Жукоўскі і Раман Пасевіч, а таксама брамнік Сяргей Курганскі пакінулі «Нёман».
Гульцы знаходзіліся ў «чорным спісе» «мінспорту». Пасяджэнне камісіі, на якой павінны разгледзець пытанне аб допуску спартсменаў да гульняў чэмпіянату Беларусі, адкладаецца на працягу некалькіх месяцаў. Са «спісачнікаў» у Гродне застаецца толькі абаронца Яўген Лешка.
Нагадаем, у снежні 2022-га «Трыбуна» паведамляла пра стварэнне «чорнага спісу» так званага Мінспорту як мінімум з 48 прозвішчаў, у асноўным з удзельнікаў відэа супраць гвалту ў верасні 2020-га. З фігурантамі спісу клубам у рэжымнай Беларусі было забаронена заключаць кантракты.
Пазней стала вядома, што «Мінспорту» робіць выбарачныя выключэнні з пераліку, на што могуць паўплываць прашэнні кіраўнікоў клубаў і ўдзел у рэжымных мерапрыемствах, аднак некаторым гульцам не дапамагае і гэта.