Ігар Кавалевіч: «Трэнерскі штаб брэсцскага «Дынама» заявіў, што па перамогу едуць у Гродна, а цэнтр поля не маглі перайсці»
Галоўны трэнер «Нёмана» Ігар Кавалевіч падзяліўся меркаваннем аб матчы з брэсцкім «Дынама» (3:1).
– Добры матч з прынцыповым супернікам. Асабліва ўстаноўку на гульню не трэба было рабіць. Бо малады трэнерскі штаб «Дынама» заявіў, што яны па перамогу едуць, а ў выніку цэнтр поля два таймы не маглі перайсці.
Зыходзячы з турнірнай табліцы, нам неабходна набіраць ачкі. Прапусцілі крыўдны мяч. У другім тайме былі праблемы са складам. Не было Ягора Пархоменкі, не зусім здаровы Паша Савіцкі, далі адпачыць Карповічу. Шмат перастановак, але мы справіліся, дамінавалі ўвесь матч. Віншую з перамогай, віншую Ігара Крывушэнку – ў яго 30 гадоў сумеснага жыцця. Прасіў яго павіншаваць – я віншую.
– Еўдакімаў гуляў на няпрофільнай для сябе пазіцыі.
– У гульцоў высокага ўзроўню – нават у чэмпіянаце Беларусі – няма профільнай пазіцыі. Еўдакімаў і ў зборнай, і ў «Мінску» часам практыкаваў пазіцыю правага абаронцы. Мы былі ўпэўненыя, што будзем увесь матч гуляць у атаку. У атацы ён згуляў вельмі добра, у абароне былі невялікія хібнасці, магчыма, не дапрацаваў у моманце з прапушчаным голам.
– Лягчылін апошнім часам застаецца на лаве запасных. Ён цалкам гатовы?
– А каго прапануеце пасадзіць – Садаўнічага і Пархоменку? Або па Вашай просьбе ў тры [абаронцы] згуляць?
– Да прыкладу, Васільеў – справа, Аляксей [Лягчылін] – у цэнтры.
– А Карповіча куды?
– Напрыклад, у сённяшнім матчы...
– «Да прыкладу» можна і ў напад выпусціць. Мы зрабілі так, як зрабілі і выйгралі 3:1.
– З чым звязана замена Сучкова ў першым тайме?
– Не ўвайшоў у гульню. Шмат памыляўся. Хоць на трэніроўках выглядаў пераканаўча. Трэба больш упэўненасці і стабільнасці. Сёння не атрымалася, але, думаю, яшчэ атрымаецца, – сказаў Кавалевіч.