«Нічога не зрабілі, каб спыніць вайну». Гендырэктар данецкага «Шахцёра» жорстка прайшоўся па ФІФА, якую лiчыць прарасiйскай

Вiнавацiць у непаваге да ўкраiнцаў.

Аўтар — Бона Сфорца
22 снежня 2022, 17:06
2
«Нічога не зрабілі, каб спыніць вайну». Гендырэктар данецкага «Шахцёра» жорстка прайшоўся па ФІФА, якую лiчыць прарасiйскай

Чэмпіянат свету ў Катары скончыўся, але рэха, імаверна, найскандальнейшага турніру ў гісторыі футбола не сціхае. Ёсць шмат прычын абурацца дзеяннямi і бяздзейнасцю ФІФА на галоўнай спартыўнай вітрыне планеты і па-за ёй.

У генеральнага дырэктара данецкага «Шахцёра» Сяргея Палкіна прычын больш. Клуб зараз судзіцца з ФІФА ў Спартыўным арбітражным судзе праз увядзенне дазвалення для замежных гульцоў без наступстваў прыпыняць кантракты з украiнскiмi клубамi. Такое правiла было ўведзена для гульцоў як украiнскiх, так i расiйскiх лiг пасля пачатку вайны, якую з 24 лютага працягвае Расiя ва Украiне з выкарыстаннем тэрыторыi Беларусi.

Цяпер Палкін адкрыта выказаўся пра ўчынкі ФІФА падчас ЧС-2022 у Катары, наўпрост назваўшы яе прарасійскай арганізацыяй.

«Чэмпіянат свету па футболе ў Катары яшчэ раз паказаў усю сутнасць ФІФА. Гэта адкрыта прарасійская арганізацыя, якая не сароміцца падтрымліваць Расію, хаця і намагаецца рабіць гэта схавана.

Ва ўсе часы мундзіаль быў святам для заўзятараў з усёй планеты. Ён яднаў людзей, розныя народы і кантыненты, адкрываў новыя межы і забяспечваў платформу для міру. Нават калі ваша зборная не ўдзельнічае ў чэмпіянаце свету, вы ўсё роўна маглі прыехаць і атрымаць асалоду ад атмасферы футбольнага свята. Але не ва ўсіх у Катары была такая магчымасць.

Advertisment

Яшчэ ў кастрычніку ўлады Катара перасталі пускаць украінцаў у сваю краіну. Нашым заўзятарам не выдавалі дазвол на ўезд і не дазвалялі аформіць Hayya Card — персанальны дакумент, праз які можна трапіць на матчы чэмпіянату свету. Трэба было падаць заяўку, але рашэнне не ўхвалялася. У той час як расіяне атрымоўвалі картку за адзін дзень (але былi выпадкi адмовы i расiянам, i iншым людзям з розных краiн – Tribuna.com).

Стаўленне ФІФА да Украіны ў цэлым і вайны, развязанай Расіяй у нашай краіне, падкрэсліваецца фактам адмовы прэзідэнту [Украiны Уладзiмiру] Зяленскаму ў відэазвароце з пасланнем міру ўсяму свету перад фіналам ЧС-2022. Вырашальны матч мундзіяля паглядзелі 1,2 мільярда чалавек па ўсёй планеце, адбіраць магчымасць выступіць перад такой аўдыторыяй – маральнае злачынства супраць чалавецтва.

«Зрабіць футбол такiм, што працуе для грамадства» – адна з мэтаў ФІФА на 2020-2023 гады, якую яна сама рэкламуе. Але на Украіну і ўкраінцаў гэта чамусьці не працуе. Цягам усіх дзесяці месяцаў вайны мы бачым, наколькі прадузята ФІФА і яе кіраўніцтва ставяцца да Украіны. Маючы велізарныя рэсурсы і ўплыў у свеце, яны нічога не зрабілі, каб паўплываць на агрэсара і спыніць вайну.

Футбол па-за палітыкай? Але вайна – гэта не палітыка, гэта гібель сотняў тысяч людзей, разбураныя дамы і лёсы. Але падчас чэмпіянату свету ў Катары ФІФА так і не звярнула ўвагу свету на генацыд украінцаў.

ФІФА ставіць украінскія клубы на мяжу выжывання, думаючы толькі пра заробкі агентаў, не паважае ўкраінскіх заўзятараў, ствараючы ім перашкоды для прагляду матчаў, і пры першай магчымасці падтрымлівае Расію.

ФІФА мусіць пераўтварыцца з чыста палітычнай у больш прафесійную арганізацыю. Прыняцце рашэнняў павінна грунтавацца найперш на каштоўнасцях, а не на палітычных і эканамічных інтарэсах асобных краінаў і іх прадстаўнікоў», – заявiў Палкiн.

Цi згодны вы з менеджарам данецкага «Шахцёра»?