😥 «МЮ» тэн Хага ўслед за «Чэлсі» б'е антырэкорды – анамальная колькасць паражэнняў і прапушчаных
Па матывах Лігі чэмпіёнаў.
«Чэлсі» не самотны – у крызісе на старце сезона знаходзіцца яшчэ адзін англійскі клуб, які, у адрозненне ад лонданцаў, пакуль не падае прыкмет выхаду з зоны турбулентнасці. Гаворка пра «Манчэстэр Юнайтэд», які сенсацыйна прайграў «Галатасараю» (2:3) на «Олд Трафард» і застаўся з нулём набраных пунктаў пасля двух тураў Лігі чэмпіёнаў.
Нішто не прадказвала бяды – навічок Расмус Хейлунд зрабіў эфектны дубль і вывеў каманду наперад 2:1 на 67-й хвіліне. Але нават гэтага не хапіла, каб перакрыць «перфоманс» іншага летняга набыцця клуба – галкіпер Андрэ Анана недакладным пасам прывёз чырвоную картку для Каземіра і пенальці, а ў моманце з вырашальным голам яго проста перакінулі.
Такім чынам камерунец у чарговы раз падставіў Эрыка тэн Хага, чый калектыў працягвае біць антырэкорды. Пасля вечара аўторка іх назапасілася яшчэ больш.
🛑 «МЮ» ўпершыню прайграў 6 з 10 стартавых матчаў сезона з 1986 года (гэта значыць яшчэ да таго, як у клуб прыйшоў Алекс Фергюсан);
🛑 «МЮ» ўпершыню з сезона 1966/67 прапусціў 18+ галоў у 10 стартавых матчах сезона;
🛑 «МЮ» ўпершыню ў гісторыі прайграў абодва стартавыя матчы групы ЛЧ;
🛑 «МЮ» ўпершыню ў гісторыі прапусціў 7 галоў у двух стартавых матчах групы ЛЧ;
🛑 «МЮ» ўпершыню прапусціў 3+ галы ў двух запар матчах ЛЧ;
🛑 «МЮ» ўпершыню за 28 гадоў прапусціў 4 галы ў адным матчы ЛЧ;
🛑 «МЮ» прайграў больш разоў у апошніх 14 матчах ЛЧ на «Олд Трафард», чым у 80 да таго (7 супраць 6);
🛑 «МЮ» ўпершыню ў гісторыі прайграў 4 з 7 стартавых тураў АПЛ;
🛑 «МЮ» ўпершыню з 1989 года набраў менш за 10 пунктаў у 7 стартавых турах чэмпіянатаў Англіі;
🛑 «МЮ ўпершыню з 1979 года прапусціў 2+ галы ў чатырох запар матчах лігі;
🛑 «Галатасарай» упершыню выйграў выязны матч у Англіі за 117 гадоў існавання клуба;
🛑 У цэлым любая турэцкая каманда выйграла выязны матч у Англіі ўпершыню з 2009 года – тады «Бешыкташ» абыграў таксама «МЮ».
***
Цікава, што правал з «Галатасараем» адбыўся праз дзень пасля таго, як Рафаэль Варан адзначыўся даволі гучнай заявай:
«Думаю, што «МЮ» можа выйграць ЛЧ. У нас ёсць патрэбныя якасці. Веру, што мы здольныя канкураваць з найлепшымі камандамі свету».
🤔 Як лічыце, ці дадуць «д’яблы» рады ўсімі праблемам і ці ўратуюць сезон, як гэта тэн Хаг зрабіў у мінулым годзе пасля двух зруйнавальных паражэнняў на старце АПЛ?
Фота: Martin Rickett/PA Images, Alex Dodd/CameraSpor