У Мазыры так шмат людзей на футболе, што хочуць рэканструяваць стадыён. Калісьці на ім паставілі рэкорд ЧБ па гледачах

Фантастычныя 19500, што, здаецца, не зусім праўда.

Аўтар — bytribuna com
18 красавіка, 15:00
У Мазыры так шмат людзей на футболе, што хочуць рэканструяваць стадыён. Калісьці на ім паставілі рэкорд ЧБ па гледачах

У сераду мазырская «Славія» абʼявіла пра намер правесці мадэрнізацыю стадыёна «Юнацтва». Такая патрэбнасць абумоўленая цікавасцю гледачоў на старце сезона. Хатняя гульня з «Дняпром» (2:0) па пратаколе сабрала 3450 чалавек, а праз тры тыдні з «Іслаччу» (2:1) – ужо 4350. На сёння сярэдняя наведвальнасць матчаў у Мазыры складае 3900. Гэта найлепшы паказнік «Славіі» » з чэмпіянату-2000 і трэці па вышэйшай лізе проста цяпер пасля брэсцкага «Дынама» (8231) і «Нёмана» (4300).

«Славія» хоча павялічыць колькасць пасадачных месцаў у раёне гасцявога сектара. Цяпер арэна па дакументах умяшчае 5133 гледачы. Пасля мадэрнізацыі зможа на 500 больш.

Пры сваёй даволі сярэдняй па мерках вышэйшай лігі намінальнай умяшчальнасці «Юнацтва» з сярэдзіны 90-х трымае рэкорд чэмпіянату Беларусі па наведвальнасці на адной гульні. У 1995-м гульню з мінскім «Дынама» ў Мазыры нібыта наведалі 19500 гледачоў. Як такое магчыма? Тады на «Юнацтве» яшчэ не былі ўсталяваныя пластыкавыя сядзенні – стаялі драўляныя лавы. І арэна ўмяшчала 6,5-7 тысяч гледачоў, што чакана спараджае думкі пра тое, што рэкорд – чыстая выдумка. Гэтага не выключаў і былы бос мазырскага клуба, але ўсё роўна падкрэсліваючы, што людзей было вельмі шмат.

«Прыпіскі? У той час цяжка было ўсіх палічыць. Трыбуны на стадыёне былі яшчэ драўлянымі і ўмяшчалі каля сямі тысяч, але людзей было столькі, што даводзілася добра ўшчыльняцца. Забітыя былі нават праходы. Пры вялікім жаданні на арэне магло змясціцца тысяч дзесяць. Плюс усе касагоры былі забітыя людзьмі. Так што калі і прыпісалі ў той дзень, то няшмат – тысячы тры», – разважаў тагачасны ўласнік і прэзідэнта клуба Мікалай Яшчанка.

Advertisment

У сезоне-1995 МПКЦ (так тады называлася «Славія») фінішаваў на другім месцы ў двух пунктах ад сталічнага «Дынама». Па наведвальнасці камандзе не было роўных – у сярэднім на хатнюю гульню прыходзіла 11636 чалавек (але вы ўжо зразумелі, як тады вяліся падлікі). Гэта амаль у тры разы больш, чым было на матчах «Ведрыча» (4436), які стаў другім па цікавасці гледачоў.

Той сезон так і застаецца рэкордным як для мазырскага клуба, так і для чэмпіянату. Гораду не ўдалося перабіць сваё дасягненне нават у чэмпіёнскім сезоне-1996. У сярэднім на «Юнацтва» ўжо прыходзіла 8827 гледачоў, а больш за ўсё сабралася на мінскае «Дынама» (15900).

Як толькі мазырская каманда перастала змагацца за высокія месцы, цікавасць гледачоў да яе ўпала. Ужо ў пачатку «нулявых» сярэдняя наведвальнасць не дацягвала і да паўтары тысячы. Пры гэтым на самым стадыёне стала больш зручна глядзець футбол. У 1997-м драўляныя лавы замянілі на пластыкавыя крэслы, якія паменшылі ўмяшчальнасць стадыёна амаль на паўтары тысячы. Праўда, першыя сядушкі пратрымаліся нядоўга: праз няякасны выраб хутка выцвілі, і іх давялося мяняць (праўда, клуб за гэта не плаціў).

У тыя ж гады ўзвялі грамадскую прыбіральню і адміністрацыйны будынак каля поля, дзе сёння размяшчаюцца распранальні і памяшканні для суддзяў. Раней футбалістам МПКЦ даводзілася пераапранацца ў аўтобусе, а для гасцявых каманд і рэферы стаяла некалькі вагончыкаў.

На мазырскім стадыёне ў еўракубках на рубяжы тысячагоддзяў гулялі «Алімпіякас», «Макабі» з Хайфы, тбіліскае «Дынама». У той час на «Юнацтве» не было ні табло, ні штучнага асвятлення. Яны ў Мазыры зʼявіліся толькі ў сярэдзіне «дзесятых».

Пакуль «Славія» падарожнічала паміж вышэйшай і першай лігамі, яе наведвальнасць не перавышала 1800 гледачоў. У 2019-м мазырчукі вярнуліся ў Д1 і адразу выдалі лічбу ў 2814 чалавек на матчы. Гэта стала клубным рэкордам з 2001 года і чацвёртым паказнікам па наймацнейшым дывізіёне. У наступныя тры сезоны наведвальнасць вярнулася да больш звыклых памераў ніжэйшэй за дзве тысячы. У каранавірусны 2020-ы на трыбуны ў сярэднім прыходзіла 1083 чалавекі.

У мінулым сезоне, калі каманда была блізкая да тройкі, сярэдні паказнік склаў 2726 гледачоў. Калі ў 2024-м «Славіі» ўдасца захаваць стартавыя 3900 чалавек на трыбунах, то сезон стане сёмым па наведвальнасці ў клубнай гісторыі і найлепшым з 2000 года. Але да гэтага далёка, як і да рэканструкцыі, пра тэрміны якой клуб нічога не паведаміў.