Гэтаму беларусу клуб НХЛ даў максімальны па грошах кантракт навічка. Вось як гэты хлопец разрывае па юніёрах

12 фантастычных момантаў.

6 красавіка, 13:00
Гэтаму беларусу клуб НХЛ даў максімальны па грошах кантракт навічка. Вось як гэты хлопец разрывае па юніёрах

19-гадовы беларускi форвард Ягор Сідараў вось ужо другі сезон паказвае шалёную выніковасць у «Саскатуне» з WHL – адной з трох найбуйнейшых канадскіх юніёрскіх ліг. Летась форвард з Беларусі ў 85 матчах набраў 95 (49+46) балаў, чым прыцягнуў увагу «Анахайма», які абраў яго на драфце-2023 пад 85-м агульным нумарам (у той год нікога з беларусаў вышэй не абіралі).

Сёлета ў Сідарава ёсць добрыя шанцы перасягнуць выніковасць спартыўнага года. На яго рахунку 94 (54+40) балы ў 71 сустрэчы, а «Саскатуну» яшчэ гуляць ў паўфiнале плэй-оф (ў чвэрцьфiнале абыгралi 4-1 «Прынц Альберт Рэйдэрс»). Выніковасць Сідарава высока ацанілі ў «Анахайме» і заключылі з ім топ-кантракт навічка на 2,85 млн долараў – максімальная сума, на якую мог разлічваць форвард, больш дэбютантам НХЛ проста не маюць права плаціць.

Што ж, застаецца толькі парадавацца за поспехі беларускага форварда. А яшчэ ўспомніць самыя яркія моманты, якія ён ужо падарыў фанатам у сёлетнім сезоне.

Хет-трык за 13 хвілін

Першы хет-трык у гэтым сезоне Сідараў выбіў 6 лістапада і затраціў на гэта менш як 13 хвілін ад пачатку матча. У той сустрэчы «Саскатун» перамог «Рэджайна Пэтс» (6:2). Па выніках Сідарава прызналі першай зоркай матча.

Другі хет-трык у звышвыніковым матчы

«Трук з капялюшам» Сідараў паўтарыў ужо праз 10 дзён, праўда, тым разам «Саскатун» саступіў у перастрэлцы з «Мус Джо Уорыярс» 6:9. Беларуса прызналі трэцяй зоркай матча.

Найлепшы гол першай паловы сезона па версіі лігі

19 лістапада ў матчы супраць «Свіфт Керэнт Бронкас» (4:1) форвард быў зноў прызнаны першай зоркай, аформіўшы дубль, а адну з шайб закiнуў, калi на хуткасці класна разабраўся з абаронцам з дапамогай «спiн-а-рамы» і дакладна стрэлiў у дальнюю дзявятку. Гэтая шайба ўзначаліла дзясятку найлепшых у першай палове чэмпіянату па версіі WHL (адзнака 3:12).

Трэці хет-трык за месяц

Лістапад атрымаўся сапраўды неверагодным у выкананні форварда. 29 чысла ён аформіў трэці хет-трык за той месяц – пацярпеў «Трай-Сіці Сторым» (6:3). Статус першай зоркі матчу ішоў у камплекце.

Тройчы закінуў на вачах бацькоў

У снежні гулец працягнуў страляць серыямі. Тройчы ён запаліў ліхтар за варотамі «Рэд Дзір Рэбелс» (4:2).

У тым матчы за гульнёй форварда глядзелі яго бацькі, якія прыляцелі з Беларусі. Яны пабачылі і тое, як сына ўзнагароджваюць званнем першай зоркі сустрэчы.

Вар'яцкі сольны праход

Здаецца, менавіта так бы выглядалі галы Леа Месі, калі б ён гуляў у хакей. 28 снежня Сідараў адзначыўся неверагоднай шайбай у вароты «Прынц Альберт Рэйдэрс» (6:3). У клубных сацсетках адрэагавалі лаканічна: «У нас няма словаў, каб апісаць, наколькі класны Ягор Сідараў»

Шайба года па версіі НХЛ

Неверагодная па прыгажосці шайба ў выкананні Сідарава заляцела 6 студзеня ў матчы з «Рэджайна Пэтс» (6:4). Поспех беларуса ацаніў нават афіцыйны твітар НХЛ, назваўшы гэта голам года.

100-ы гол у WHL

Прыгожая лічба пакарылася беларусу 1 лютага ў матчы з «Рэджынай Пэтс» (9:1). Яшчэ Сідараў таксама аформіў два асісты і стаў другой зоркай матча.

Асістэнцкі хет-трык і топ-гол

Чарговая прыгажосць у выкананні Сідарава здарылася 3 сакавіка ў матчы з «Брэндан Уіт Кінгс» (4:0) – элегантна разабраўся з абаронцам і адправіў шайбу ў дальні кут. Увогуле, у гульні беларус паўдзельнічаў ва ўсіх галах: набраў 1+3 і стаў другой зоркай матча.

Пяты хет-трык у сезоне

Праз 10 дзён «Брандон Уіт Кінгз» зноў пацярпеў ад Сідарава, вось толькі беларус набраў не 1+3, а 3+1 і стаў першай зоркай матчу. А «Саскатун» перамог з тым жа лікам 4:0.

Паставіў прыгожую кропку ў рэгулярцы

50-я шайба ў 50-м пераможным матчы «Саскатуна», у якім «Блэйдс» святкавалі перамогу над «Прынс-Альберт» 5:0. Сімвалічная шайба Сідарава падвяла рысу ў пераможнай рэгулярцы «Саскатуна».

Прыгажосць у пустыя вароты

У чацвёртым матчы серыі плэй-оф супраць «Прынс-Альберта» (4:1) Сідараў паказаў, што прыгожа можна забіваць нават у пустыя вароты – перахапіў шайбу на чужой палове, на замахах паклаў двух супернікаў і кінуў міма тряцяга:

Бонус

Год таму «Саскатуну» ўдаўся неверагодны камбек. У чвэрцьфінале каманда Сідарава прайграла першыя тры матчы «Рэд-Дыр Рэбелс», аднак здолела не толькі адыграцца, але і вырваць пуцёўку ў паўфінал. Героем шостага матчу, пасля якога лік у серыі стаў роўным, быў менавіта беларус. Тады Сідараў набраў 3 (2+1) пункты, быў прызнаны першай зоркай, а адна з яго шайб атрымалася эфектнай – каб закінуць яе, гульцу хапіла ўсяго адной рукі: