Кіраўнік НАК Польшчы: «Буду размаўляць са старшынёй камітэта Францыі як краіны-гаспадыні АГ пра нядопуск спартсменаў з Расіі і Беларусі».

24 красавіка 2023, 17:32

Прэзідэнт НАК Польшчы Радаслаў Пясевіч расказаў, ці будзе яго краіна байкатаваць Алімпіяду ў Парыжы ў выпадку допуску расіян і беларусаў.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.

«Пакуль я б не заходзіў так далёка, нам трэба падумаць, як расіян і беларусаў выключыць з Алімпійскіх гульняў, а пасля прымаць рашэнні з усёй спартыўнай супольнасцю, што рабіць.

Вы павінны спытаць у спартсменаў, якія збіраюцца ўдзельнічаць у Алімпіядзе, прысвячаюць сваё жыццё спачатку кваліфікацыі, затым спаборніцтвам на гэтых Гульнях, дужанні за медалі. Я не магу ўявіць, каб нашыя спартсмены не маглі змагацца за медалі і ўвасабляць свае мары, дарыць нам радасць, таму прымаць такія рашэнні трэба з розумам.

У мяне будуць сустрэчы з кіраўнікамі камітэтаў Францыі і ЗША. Буду гаварыць найперш пра тое, каб Францыя як гаспадыня Алімпійскіх гульняў не дапусціла да ўдзелу спартсменаў з Расіі і Беларусі», – сказаў Пясевіч.