Азаранка павіншавала «роднасную душу» з днём нараджэння, але тая гэтага ніяк не прачытае
Цікавае сяброўства беларускай тэнісісткі
29 красавіка, 19:35
28 красавіка Вікторыя Азаранка апублікавала сторыс на сваёй старонцы ў Instagram. У ёй беларуская тэнісістка віншуе з днём нараджэння сваю «роднасную душу»
«Віншую маю роднасную душу з днём нараджэння. Радасць і шчасце, якія ты мне прыносіш, цяжка апісаць словамі! Я так сумую па табе, Касл!» – гаворыцца ў пасце.
Як вы здагадаліся, віншаванні адрасаваныя ўлюбёнаму каню тэнісісткі.
На пачатку гэтага года Азаранка падзялілася, што з леташняга мая мае новае хобі – конны спорт. Бачна, што беларуска ўсё больш яму аддаецца. У яе акаўнце Instagram нават ёсць асобная тэчка «актуальных гісторый» з конных шпацыраў.
Шкада толькі, што падапечныя Азаранкі такой асаблівай увагі да сябе ніяк не здолеюць ацаніць.