Усе навіны

Алена Леўчанка: «На сёння максімум, дзе беларусы могуць сябе паказаць, гэта Расія. Выглядае вельмі сумна і не надта перспектыўна»

17 лістапада 2022, 08:50

Беларуская экс-баскетбалістка Алена Леўчанка ў інтэрв“ю для YouTube-канала «ЧестнОК» выказалася пра міжнародны бан і маладых гульцоў Беларусі.

Нагадаем, што ФІБА адхіліла беларускіх баскетбалістаў ад спаборніцтваў пад сваёй эгідай у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

– Я вельмі спадзяюся, што ў будучыні ў маёй краіне будуць дзяўчынкі ды і хлопцы, для якіх мая гісторыя паслужыць паказчыкам таго, што магчыма шмат чаго. Незалежна ад абставін, адкуль ты, якога росту. Можа, нейкі час табе не даюць гуляць. Гэта нічога не значыць.

– У цяперашніх рэаліях, калі «Мінск» усталёўвае антырэкордную серыю, калі ўсе каманды забанены, і, відавочна, нейкіх класных турніраў не будзе і для моладзі, ці наогул рэальна з'яўленне дзяўчыны ці хлопца, якія па ўзроўні зацягнуць NBA?

– Вядома, гэта ставіць зараз увесь наш спорт, дзіцячы спорт, у тупік нейкі. Гэта значыць, для таго, каб расці, трэба ездзіць спаборнічаць з лепшымі, развівацца, спрабаваць сябе, паказваць сябе. На сёння максімум, дзе мы можам сябе паказаць, гэта ў Расіі. Гэта не выглядае вельмі перспектыўна. І выглядае на сёння вельмі сумна.

Ты нагадаў пра моладзь. Не буду казаць імёны, але былі маладыя дзяўчынкі-баскетбалісткі, якія мне пісалі: «Алена, дзякуй вялікі. Я трэніравала левую руку, толькі з-за вас я пачала гуляць. Вы мяне натхнілі». І ў канцы «Жыве Беларусь» і бел-чырвона-белыя сэрцайкі.

Ну, што я магу сказаць гэтай моладзі? Трэніравацца, не апускаць рукі, імкнуцца. Але ў той жа час не быць проста спартоўцам і не жыць у нейкім вакууме. Адкрыць трошкі вочы і разумець, што ў нейкай меры ў цябе забіраюць будучыню, – падзялілася Леўчанка.