Усе навіны

Зборная Іспаніі ўпершыню ўзначаліла сусветны рэйтынг ФІБА. Амерыканцы былі лідэрамі больш за 12 гадоў. Беларусь і Расія ў спіс не патрапілі

18 лістапада 2022, 17:25

ФІБА апублікавала рэйтынг мужчынскіх нацыянальных зборных, абноўлены па выніках лістападаўскіх матчаў кваліфікацыі чэмпіянату свету-2023.

Зборная Іспаніі абышла каманду ЗША і ўзначаліла рэйтынг. Амерыканцы ўпершыню саступілі першае месца з моманту стварэння рэйтынгу больш за 12 гадоў таму.

Іспанія паднялася з другога месца на першае дзякуючы паспяховым выступленням ва ўсіх турнірах у апошнія гады. Іспанская зборная стала пераможцам чэмпіянату свету-2019 і Еўрабаскета-2022, а таксама дайшла да чвэрцьфіналу Алімпійскіх гульняў у Токіа.

Амерыканцы заваявалі золата на Алімпійскіх гульнях, але праваліліся на чэмпіянаце свету, прайграўшы ў чвэрцьфінале, і занялі трэцяе месца на чэмпіянаце Амерыкі-2022.

Беларусі і Расіі ў спісе няма, паколькі ФІБА адхіліла абедзве каманды ад спаборніцтваў пад сваёй эгідай у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.