Усе навіны

Ксенія Малашка: «Няма асаблівага жадання ездзіць у зборную Беларусі з-за непрафесіяналізму. Найлепшых быццам не заўважаюць, бяруць «сваіх». Пры цяперашнім трэнерскім штабе немагчыма прагрэсiраваць»

16 красавіка 2023, 11:37

Беларуская баскетбалістка Ксенія Малашка, выбраная «Чыкага Скай» на драфце WNBA, у інтэрв'ю тэлеграм-каналу «О, спорт! Ты – мир!» распавяла пра цяперашнюю сітуацыю ў зборнай Беларусі.

– Зараз задумайцеся, чаму многія маладыя дзяўчаты не едуць у зборную. Ёсць шмат гульцоў, якія маглі б узмацніць каманду. Але іх не запрашаюць, ды людзі і самі адмаўляюцца. Ва ўсіх прыблізна адна і тая ж прычына – у гэтай зборнай пры цяперашнім трэнерскім штабе немагчыма прагрэсаваць, атрымліваць нейкую карысць ад баскетбола. Плюс атмасфера створана зусім не сяброўская. Ды і, калі зірнуць на склад, такое адчуванне, што Трафімава выклікае толькі «сваіх».

– Кажаце, вам не было камфортна ў зборнай, але ўсё роўна ў яе прыязджалі.

– У 2021-м прыехала ў першую чаргу дадому. Не была ў Мінску некалькі гадоў з-за кавіду, а тут з'явілася магчымасць. Вось ёй і скарысталася, плюс адгукнулася на прапанову нацыянальнай каманды. Наогул, я ніколі не была супраць зборнай, выкарыстоўваю любую магчымасць, каб пагуляць. І калі была ў Менску, мне паступіў выклік, і я пагадзілася. Прыехала і зразумела, наколькі цяжка мне там псіхалагічна. Банальна там няма калектыву, усё ахутана такім негатывам... Мне нават нехта потым сказаў, што ісці ў гэтую беларускую зборную – гэта больш страта, чым набыццё. Маральна там вельмі цяжка. Ну, вось такую вось атмасферу стварылі трэнеры і дзяўчаты там.

– Калі ў зборнай адбудуцца перамены, зменіцца кіраўніцтва беларускага баскетбола і вас паклічуць у каманду, паедзеце?

– Безумоўна. Але нават не абавязкова, каб адбываліся такія глабальныя перамены. Галоўнае – мне хацелася б бачыць больш прафесіяналізму ў зборнай. У зборнай усё павінна быць сурʼёзна, а не для нейкай хады. Што маю на ўвазе? Разумееце, калі я еду ў «нацыяналку», то хачу трэніравацца і гуляць з найлепшымі. А ў выніку як атрымліваецца? Дзе ўсе найлепшыя? Ёсць шмат маіх аднагодак, якія дакладна будуць араць у зборнай, калі іх выклічуць, яны аруць у сваіх клубах. Але іх як быццам не заўважаюць, прыдумляюць нейкія адмазкі. Напрыклад, я расла з Наташай Гарбачовай. Вось яна рэальны араты, старанная. І яна, упэўненая, павінна была аказацца ў складзе на Еўрабаскеце. Менавіта па спартыўным прынцыпе. Памятаю, што яна ў «Гарызонт» прыязджала за гадзіну-паўтары да трэніроўкі. Гэта ўсё ад жадання паказаць сябе з найлепшага боку, прагрэсаваць. Па звычках яна нікому, і мне ў тым ліку, не саступіць. Але яе адсеялі, і нават нічога не сказалі пра прычыны. Бяруць "сваіх", запрашаюць ледзь не да саміх спаборніцтваў. І яны, як па мне, праз рукавы працуюць, таму што ведаюць, што і так будуць гуляць у зборнай. Па-мойму, гэта няправільна. Вось гэта я называю непрафесіяналізмам, з-за якога няма асаблівага жадання ездзіць у зборную, – падзялілася Малашка.