Усе навіны

Канстанцін Шаравера: «Коркія сказаў: «Коста, вы грошы не ўзялі, але мы вас яшчэ больш запаважалі». Такое было прыемна пачуць»

28 сакавіка, 18:38

Беларускі экс-баскетбаліст Канстанцін Шаравера распавёў, як ягоная каманда адмовілася прайграваць матч тбіліскаму «Дынама».

– У Мінск прыязджае тбіліскае «Дынама». Тады там гуляў Нодар Коркія – мы з ім і цяпер сябруем.

Матч у Палацы тэніса. Перад гульнёй падыходзіць Нодар: «Слухай, Косця, нам гэтая гульня вельмі патрэбна». І дэманструе здаравенны прэс бабак, сцягнутых гумкай: «гэта ўсё вам!» Нам гульня наогул не патрэбная, яе вынік ніяк не можа паўплываць на займанае месца.

– Трэба параіцца з калектывам. Дакладней, з вядучымі гульцамі.

– Гэта можна было зрабіць толькі падчас размінкі. Падбягаю да Папкова, Саша: «Ну нафіг»... Стаўлю ў курс Гузіка. «Ого, – кажа Віця. – Ну і колькі ж нам зараджаюць?» – «Не ведаю, але, падобна, сума прыстойная». Увесь гэты час мы кідаем па кольцы, робім адзін аднаму перадачы і актыўна перамяшчаемся па пляцоўцы.

А трыбуны паціху напаўняюцца, бачу шмат знаёмых твараў. Хтосьці ўсміхаецца, хтосьці ўхвальна падымае руку: маўляў, будзем заўзець за вас, хлопцы, не падвядзіце…

– Выпрабаванне.

– Так. І адчуваю я, што майму грузінскаму сябру давядзецца адмовіць. Віця таксама паглядае на трыбуны, і, падобна, думкі ў нас з ім аднолькавыя. Падбягае: «Ды ну іх, Косця, перад сваімі ж гуляем...»

Памятаю, вяду мяч у гульні, а Нодар прэсінгуе і шыпіць: «Атдай мяч, атдай мяч, табе гавару!» А мяне смех разбірае, але нават так мяч у мяне ўсё роўна хрэн забярэш.

Потым у «Фізкультурніку Беларусі» напісалі: «З добрым настроем праводзіў гэты матч Канстанцін Шаравера, ды і ўся беларуская каманда гуляла ярка і з агеньчыкам. У гасцей з сонечнай Грузіі практычна не было шанцаў на поспех».

Пасля матчу падышоў Нодар: «Коста, вы грошы не ўзялі, але мы вас яшчэ больш запаважалі». Такое, прызнаюся, было прыемна пачуць... – сказаў Шаравера.