Tribuna/Баскетбол/Блогі/Клуб Сныцінай узяў Еўракубак i можа выйграць усе турніры, у якіх удзельнічае. Як праходзіць апошні сезон беларускі ў профі

Клуб Сныцінай узяў Еўракубак i можа выйграць усе турніры, у якіх удзельнічае. Як праходзіць апошні сезон беларускі ў профі

Развітанне са спортам можа атрымацца вельмі магутным.

10 красавіка, 23:20
Клуб Сныцінай узяў Еўракубак i можа выйграць усе турніры, у якіх удзельнічае. Як праходзіць апошні сезон беларускі ў профі

У верасні мінулага года экс-форвард зборнай Беларусі па баскетболе Кацярына Сныціна абвясціла, што па сканчэнні сезона-2023/24 завяршае кар'еру. Рашэнне патлумачыла тым, што перастала «кайфаваць» ад спорта і адчуваць азарт падчас гульні, хоць у свае 38 і пачуваецца на 25 і можа спакойна адбегаць 30-35 хвілін за матч без таго, каб пакутаваць на наступны дзень.

А як праходзіць апошні сезон баскетбалісткі? З кожным матчам ён усё бліжэй да завяршэння, і пакуль складаецца вельмі паспяхова для клуба, а для самой Сныцінай крыху больш сціпла, чым папярэдні сезон.

Вось ужо другі год лёгкі форвард выступае за «Лондан Лаянс» У мінулым сезоне на ўнутранай арэне клуб сабраў усе магчымыя тытулы, перамогшы ў чэмпіянаце, Кубку краіны і Кубку брытанскай лігі. Але ў Еўракубку (другi па сiле мiжнародны трафей Еўропы) каманда дайшла толькі да 1/16 фіналу, дзе саступіла «Лілю».

Гэты сезон стаў больш паспяховым. 10 красавiка «Лондан Лаянс» выйграў Еўракубак – пасля паразы ў першым матчы фiналу ў гасцях у «Бешыкташа» (68:75) дома вырваў выйгрыш з большым лiкам. Усё было вельмi напружана да апошнiх пары хвiлiн, калi ў брытанак заляцела пара трохачковых. Вынiк – 81:70 i перамога па суме дзвюх сустрэч. Сныцiна ў вырашальным матчы правяла на пляцоўцы 7 з невялiкiм хвiлiн i ачкоў не набiрала – толькi аформiла дзве перадачы.

Большым быў унёсак беларускi ў першым матчы фiнала – 10 пунктаў. Яны ўмацавалі пазіцыі форварда ў топ-3 самых выніковых гульцоў у гiсторыi Еўракубка, але дабрацца да другой пазiцыi не ўдалося.

Па вялікім рахунку, у гэтым сезоне ў «Лондан Лаянс» была адна няўдалая гульня, але вельмі важная. У гасцях каманда саступіла венгерскаму ДВТК 48:63, і гэта каштавала места ў Еўралізе (дамашняй перамогі 73:72 аказалася недастаткова). Пасля той асечкі «львіцы» не прайгравалі больш за 30 матчаў ва ўсіх турнірах – да першага фiнальнага матча Еўракубку.

У студзені каманда ўзяла Кубак Вялікабрытаніі.

У рэгулярным чэмпіянаце Брытанii «Лондан Лаянс», у адрозненні ад суперніц, яшчэ не мае паразаў (не першыя толькi з-за меншай колькасцi матчаў). Праўда, наперадзе плэй-оф, куды патрапяць восем найлепшых калектываў.

Што тычыцца індывідуальных дзеянняў беларускі, то ў параўнанні з папярэднім сезонам яны аселі, уласна, як і час на пляцоўцы.

У гэтым сезоне ў чэмпіянаце беларуска ў сярэднім праводзіць 22 хвіліны (3-е тут і далей месца ў камандзе) і набірае 8,7 пунктаў (9-е) (у мінулым было 24,2 хвіліны і 11,9), у Кубку Брытаніі – 24,3 хвіліны (3-е) і 9,3 пунктаў (3-е) (раней было было 24 хвіліны і 12,7), у Еўракубку да фiналу – 22,8 хвіліны (4-е) і 8,6 пунктаў у сярэднім (6-е) (было 30,9 хвілін і 13,6 ачкоў).

Сярод дасягненняў беларускі ў гэтым сезоне можна адзначыць трапленне ў каманду тыдня брытанскай лігі ў канцы кастрычніка. Тады 17 пунктаў Сныцінай дапамаглі абыграць «Эсэкс Рэбелс» (101: 73). Таксама яна прызнавалася MVP у чвэрцьфінале Кубка супраць «Каледоніі» (74:58) (набрала 10 пунктаў).

«Лондан Лаянс» мае магчымасць выйграць усе турніры, у якіх бярэ ўдзел. Калі Сныціна гэтаму паспрыяе, то забяспечыць сабе шыкоўны фінал.

Чым заняцца пасля карʼеры, баскетбалістка пакуль сама не ведае – разлічвае нешта прыдумаць з часам. Але ў адным упэўненая дакладна: трэнерам яна не будзе (маўляў, вельмі цяжкая праца, якая вымагае высілкаў 24 на 7).

Як бы там не склалася са спартыўнымі дасягненнямі, але па-за межамі пляцоўкі Сныціна ўжо здзейсніла вельмі моцны і, аб'ектыўна, унікальны для Беларусі ўчынак. Баскетбалістка прызналася ва ўласнай гомасэксуальнасці, распавёўшы ў эфіры кулінарнага You-tube шоу «Перетрем с Халезиным» пра тое, што мае жонку.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты