Tribuna/Гандбол/Блогі/Сега Мега Драйв/13-гадовы заўзятар «Мяшкоў Брэст» пастрыгся нагала праз паразу ў матчы са СКА – галоўны трэнер БГК запрасіў хлопца на гарбату і ўручыў падарункі ад клуба

13-гадовы заўзятар «Мяшкоў Брэст» пастрыгся нагала праз паразу ў матчы са СКА – галоўны трэнер БГК запрасіў хлопца на гарбату і ўручыў падарункі ад клуба

Цёплыя адносіны з заўзятарамі

Аўтар — KentYara98
2 снежня 2022, 09:01
13-гадовы заўзятар «Мяшкоў Брэст» пастрыгся нагала праз паразу ў матчы са СКА – галоўны трэнер БГК запрасіў хлопца на гарбату і ўручыў падарункі ад клуба

На матчы супраць СКА 13-гадовы Данііл паспрачаўся з сябрамі, што БГК пераможа, і быў вымушаны пастрыгчыся нагала. Ён распавёў гэтую гісторыю Дзмітрыю Ціхану, які запрасіў хлопца на арэну, пачаставаў гарбатай у трэнерскай, падзякаваў за шчырую падтрымку і ўручыў падарункі ад клуба.

Гандболам хлопчык захапіўся некалькі гадоў таму. Упершыню апынуўся ў «Вікторыі» ў сезоне-2020/21, калі БГК дабраўся да чвэрцьфіналу Лігі чэмпіёнаў:

«Спачатку прыйшоў з бацькамі. Памятаю, адразу падумаў: ну файна, падобна на футбол – толькі гуляюць рукамі :) Затым стаў хадзіць адзін або з сябрамі са школы. Мяне зацягнула і ў выніку запісаўся ў групу пачатковай падрыхтоўкі да Леаніда Ільіча Вашкевіча. Год трэніраваўся там. А цяпер займаюся ў Юрыя Мікалаевіча Карпука і хачу пабудаваць гандбольную кар'еру. Вельмі падабаецца падтрымліваць мяшкоўцаў падчас матчаў. Сярод любімых гульцоў Валянцін Куран, Валянцін Сілко, Андрэй Юрынок»

У суботу Данік шчыра верыў у перамогу БГК над СКА і падчас першага тайма заявіў прыяцелям, што ў выпадку паразы гатовы састрыгчы валасы. Тыя падхапілі заклад.

«Думаў, Брэст абыграе Мінск і сам прапанаваў такую спрэчку. У выпадку поспеху стрыгчыся прыйшлося б сябру. Пасля добрага пачатку я амаль не сумняваўся ў перамозе, а вось хлопцы, хоць і заўзелі за БГК, але больш хацелі ўбачыць мяне лысым :) У канцоўцы так моцна перажываў – ледзь прытомнасць не страціў!»

На жаль, нягледзячы на ўражлівы камбэк у апошнія дзесяць хвілін, мяшкоўцы не змаглі дагнаць армейцаў і саступілі два мячы. Данііл з гонарам прыняў выклік.

«На наступны дзень прачнуўся, дапамог бабулі па хаце і пайшоў у цырульню. Сябры сказалі: мужык! Многія потым у школе смяяліся. Мне таксама было пацешна бачыць сябе ў люстэрку. Як адрэагавалі бацькі? Мама спакойна. Тата глядзеў вялікімі вачыма...»

Дзмітрый Ціхан прызнаўся, што ўражаны ўчынкам хлопчыка. І пагадзіўся з яго сябрамі: мужык!

«Данііл распавёў мне гэтую гісторыю пасля матчу. Я вырашыў, што трэба падтрымаць хлопца, які так шчыра падтрымлівае нас. Таму запрасіў яго на арэну і ўручыў падарункі ад клуба. Наогул брэсцкія заўзятары неверагодныя. Я шчыра ўдзячны ўсім, хто гоніць каманду наперад і дае нам дадатковыя сілы. На жаль, у суботу нам не ўдалося парадаваць гледачоў, але мы яшчэ не раз парадуем іх у будучыні!»

Іншыя пасты блога

Усе пасты