Tribuna/Бокс/Блогі/Бей в кость/Два заўважныя беларускія спартсмены прыгожымі пастамі з дзяржфлагамі павіншавалі краіну са святам – але ёсць нюанс

Два заўважныя беларускія спартсмены прыгожымі пастамі з дзяржфлагамі павіншавалі краіну са святам – але ёсць нюанс

Прапагандзе няма чаму радавацца.

Блог — Бей в кость
Аўтар — bytribuna com
6 ліпеня, 14:00
2
Два заўважныя беларускія спартсмены прыгожымі пастамі з дзяржфлагамі павіншавалі краіну са святам – але ёсць нюанс

Беларускія экс-чэмпіён свету па версіях IBF і WBA у прафесійным боксе Іван Баранчык і былы чэмпіён UFC Андрэй Арлоўскі днямі выклалі віншаванні з днём незалежнасці. Але прапагандзе рана радавацца – яны не спрабавалі канкураваць з футбольным ЧБ ва ўсхваленні рэжыму Лукашэнкі.

Віншаванні ад двух спартсменаў ішлі на адрас ЗША, дзе святкуюць свой дзень незалежнасці 4 ліпеня. Баранчык выклаў невялікае віншаванне ў сторыс са сцягам ЗША і геатэгам Маямі, а таксама апублікаваў пост са словамі «Божа, беражы Амерыку».

Таксама з Маямі пост выклаў Арлоўскі. «Усім, хто адзначае ў ЗША – са святам!!!» – напісаў баец пад фота вялікага сцяга краіны.

У каментарыях да паста Арлоўскага пачалі выкладаць расiйскі трыкалор і нават сцяг беларускага рэжыму.

Ну а Арлоўскі неўзабаве выклаў яшчэ адзiн пост з амерыканскім сцягам, суправадзіўшы яго песняй Бруса Спрынгсціна «Народжаны ў ЗША».

Баранчыку ў пачатку гэтага года споўнілася 30. Свой апошні на сёння бой Іван правёў у жніўні 2021-га, калі тэхнічным накаўтам у сёмым раўндзе прайграў амерыканцу Мантане Лаву. Гэта параза для баксёра стала трэцяй у 23 паядынках. Ён працягвае трэніравацца за акіянам.

У ЗША Баранчык, які вырас у Салігорску, узгадвае пра Беларусь зрэдку. Перад прэзідэнцкімі выбарамі 2020-га спартсмен заявіў, што апазіцыйныя кандыдаты «вартыя павагі» і «поўны абсурд – забіраць у аўтазакі ні ў чым не вінаватых людзей». А ў першыя дні народных пратэстаў жніўня таго года Іван выклаў фота з бел-чырвона-белымі сцягамі, а таксама лічыў беларусаў «маладцамі», якія пішуць «новую старонку ў гісторыі незалежнай Беларусі», скончыўшы свой пост тэгам «Жыве Беларусь».

Выступіў Баранчык і супраць вайны, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. У першыя дні пасля пачатку баксёр выклаў фота з мітынгу ў падтрымку Украіны.

44-гадовы Арлоўскі месяц таму саступіў тэхнічным накаўтам у другім раундзе амерыканцу Дантэйлу Маесу. Гэтая параза для Андрэя стала другой запар і 22-й у змешаных адзінаборствах.

Спартсмен абiрае маўчанне наконт любых «палітычных» падзей. Да выбараў-2020 Арлоўскі казаў, што сочыць за кампаніяй у Беларусі, але не хоча выказвацца наконт гэтага. Так і застаецца да сёння. Спартсмен таксама даўно адмовіўся ад рэжымнага сцяга пры выхадзе на арэны. У 2019-м ён патлумачыў рашэнне так: «Трэніруюся і жыву ў Амерыцы, а Беларусь за 10 гадоў прасоўвання яе на Захадзе падарыла мне толькі два квіткі на ЧС-2014 па хакеі».

Пра вайну ва Украіне Арлоўскі таксама не даваў каментарыяў. Аднак у студзені 2023-га прызнаўся, што любіць Расiю, бо ягоны блізкі сябар жыве ў Маскве.

Іншыя пасты блога

Усе пасты