Усе навіны

Яўген Вяроўка: «Мы сябравалі з Глебам. Шок, як ён зрабіў пасля 2020-га. Наколькі ведаю, ён адэпт Пуціна»

14 лістапада 2022, 08:41

Экс-футбаліст маладзёжнай зборнай Беларусі і шэрага клубаў у вышэйшай, першай і другой лігах Яўген Вяроўка ў інтэрв'ю тэлеграм-каналу «О, спорт! Ты – мир!» падзяліўся меркаваннем аб экс-гульцу «Арсенала» і «Барселоны» Аляксандру Глебе, які пасля выбараў-2020 не падтрымаў пратэст і не раз быў заўважаны ў кампаніі прапагандыстаў і праўладных спартсменаў.

– У свой час ты паспеў патрэніравацца ў дынамаўскай школе з Аляксандрам Глебам.

– Дык я не толькі трэніраваўся з ім, мы нават сябравалі. З дзяцінства завязаліся добрыя адносіны з Мішам Залеўскім, з якім нават у адзін сад хадзілі, з Глебам. Мы з Сашам потым некалькі разоў у год выязджалі на рыбалку, размаўлялі. Я яго як спартоўца і чалавека вельмі моцна паважаў. Наогул лічу, што гэта лепшы спартовец у гісторыі Беларусі. Чалавек дабіўся выдатных вынікаў у спорце.

Але для мяне стала шокам тое, што ён зрабіў пасля 2020-га, як ён працягвае жыць. Больш за тое, наколькі ведаю, ён адэпт Пуціна. Можа, недзе ў глыбіні душы ён не падтрымлівае ваенныя дзеянні ва Украіне, але ён усё роўна за Расію і Пуціна і, як бачым, за Лукашэнку.

– Як так атрымалася, што Залеўскі, які стаў на бок народа, і Глеб, які ўсяляк падтрымлівае рэжым, аказаліся настолькі рознымі людзьмі?

– Я разважаў на гэтую тэму. Мусіць, Глебу ёсць што губляць у фінансавым плане. Мішу таксама было што губляць, але для яго гэта аказалася не самым галоўным у жыцці. А Глеб... Гэта і фінансы, якія ён баіцца страціць, і ўзровень жыцця. Плюс гісторыя, якая здарылася з ім 18 гадоў таму. Маю на ўвазе аварыю, дзе загінуў чалавек.

Тады нейкія моцныя людзі дапамаглі Глебу саскочыць з крымінальнай адказнасці. На нейкім этапе футбаліст баяўся, што справу адновяць, яго пазбавяць не толькі фінансаў, але і, магчыма, свабоды. Напэўна, ён баіцца гэтага да гэтага часу, таму ўсяляк патурае ўладзе, якая яго не пакарала.

З іншага боку, Глеб жа спакойна мог з'ехаць з Беларусі, рабіць шмат для краіны і беларусаў. Але не з'ехаў. Мусіць, пабаяўся страціць цяперашні дабрабыт. Захацеў адсядзецца, перачакаць усё ў краіне. Тое ж самае тычыцца і Дар'і Домрачавай. Маўляў, мы, мусіць, за мір і за справядлівасць, але давайце разбірайцеся без мяне. Так што нехта са спартсменаў стаў героем, устаўшы на бок народа, як, напрыклад, Саша Герасіменя. А нехта вырашыў адсядзецца, адмаўчацца. Магчыма, тут справа ў менталітэце, у характары. У Сашы слабы менталітэт і вельмі нізкая маральная планка, – сказаў Вяроўка.

⚽️Чэмпіянат свету-2022 па-беларуску і без VPN! Пампуй дадатак Tribuna.com