Усе навіны

У Іране за «прапаганду супраць дзяржавы» затрымалі экс-гульца зборнай Гафуры

25 лістапада 2022, 23:20

Былы абаронца зборнай Ірана Вурыя Гафуры быў арыштаваны за выступы супраць дзейнай улады.

Гафуры на працягу ўсёй кар'еры крытыкаваў іранскія ўлады, у прыватнасці, за забарону на прысутнасць жанчын на футбольных матчах. Таксама ён выступаў супраць знешнепалітычнай дзейнасці сваёй краіны.

Пасля смерці 22-гадовай Махсы Аміні, калі па ўсім Іране пачаліся антыўрадавыя пратэсты, Вурыя далучыўся да народа і выказаў спачуванні сям'і загінулай дзяўчыны. Таксама футбаліст заклікаў спыніць жорсткае прыгнечанне пратэстаў.

Пра арышт 35-гадовага Гафуры стала вядома напярэдадні матча 2-га тура ЧС-2022 паміж Уэльсам і Іранам (0:2). Акрамя «прапаганды супраць дзяржавы», гульца таксама абвінавачваюць у «дыскрэдытацыі нацыянальнай зборнай».