Усе навіны

Павел Раднёнак: «У гэтым годзе «Энергетык-БДУ» пакуражыўся на славу. Галоўнае дасягненне – перасталі баяцца фаварытаў»

26 лістапада 2022, 22:41

Галоўны трэнер «Энергетыка-БДУ» Павел Раднёнак рэзюмаваў паражэнне ад БАТЭ (0:2) у 1/8 фіналу Кубка Беларусі.

Па выніках сезона «Энергетык-БДУ» фінішаваў другім.

– Гэта была завяршальная гульня сезона, хацелася яе скончыць пазітыўна. На жаль, крыху не атрымалася. Сапернік нам не дазволіў зрабіць тое, што мы задумалі. Таму ёсць некаторая недаказанасць.

Калі ж падводзіць сцісла вынікі ўсяго сезона, то маркоціцца нам няма сэнсу. Сезон для нашай каманды быў феерычным. У гэтым годзе мы пакуражыліся на славу. Так што засмучацца не будзем. Цяпер крыху адпачнём, а ў наступным годзе працягнем такой жа хадой развіваць нашу каманду.

Галоўнае дасягненне каманды ў сезоне – нашы гульцы перасталі баяцца фаварытаў, зорных прозвішчаў і грозных назваў. Я спадзяюся, што такая ж бесшабашная моладзь 2005 года, якая ўжо ўлілася ў наш калектыў, працягне традыцыі ў наступным годзе, – сказаў Раднёнак.