Усе навіны

Меляшкевіч пра сыход Кірыльчыка з «Арсенала» : «Нашы адносіны сталі большым, чым кіраўніка клуба і трэнера. Магчыма, гэта перашкаджала ў працы»

4 снежня 2022, 21:05
1

Кіраўнік «Арсенала» Аляксей Меляшкевіч пракаментаваў растанне з галоўным трэнерам каманды Паўлам Кірыльчыкам.

– Каманду пакінуў галоўны трэнер Павел Кірыльчык і яго памочнікі Дзмітрый Тарасевіч і Ігар Ражкоў. Пракаментуйце, калі ласка, гэтае рашэнне.

– Гэта было складанае рашэнне і для мяне, і для трэнераў. За час з заснавання «Арсенала» нашы адносіны з Паўлам Кірыльчыкам сталі нечым большым, чым проста адносіны кіраўніка клуба і трэнера. Магчыма, у апошні сезон гэта недзе нават замінала ў працы. Пасля пераходных гульняў мы шмат размаўлялі: абмяркоўвалі сезон, станоўчыя моманты, адмоўныя, гульні супраць «Макслайна». І калі эмоцыі ўлягліся, мы прыйшлі да высновы, што далей нам варта рухацца паасобку. Ігар Ражкоў і Дзмітрый Тарасевіч вырашылі таксама пакінуць клуб разам з галоўным трэнерам, з якім яны прапрацавалі тры гады. Я ўдзячны хлопцам за час, праведзены ў «Арсенале». Яны прафесіяналы сваёй справы і шматлікае далі клубу.

– Магчыма, ужо можна нешта сказаць аб новым трэнеры?

– Пакуль толькі тое, што мы пачалі актыўныя пошукі спецыяліста, які будзе цікавы нам і якому будзе цікава прыняць «Арсенал». У нейкім родзе мы апынуліся на парозе поўнай перазагрузкі клюбу. Мяркую, для новага трэнера гэта будзе добры выклік.

– Хто з гульцоў гатовы застацца ў камандзе на наступны сезон?

– Пакуль няма галоўнага трэнера, адказаць прадметна на гэтае пытанне я не магу. Але я ведаю, што шмат у хлопцаў ёсць прапановы з Вышэйшай лігі, у тым ліку ў тых, хто прайшоў з намі Першую лігу. Можна сказаць, што камусьці мы далі пуцёўку ў вялікі футбол. Веру, што ў іх усё атрымаецца.

І тут я хачу звярнуцца да нашых заўзятараў. У бліжэйшы час будзе нямала навін аб тым, што гульцы пакідаюць «Арсенал». Калі ласка, не хвалюйцеся, пастаўцеся да гэтага працэсу з разуменнем, – сказаў Меляшкевіч.

 ⚽️ Чэмпіянат свету-2022 па-беларуску і без VPN! Пампуй дадатак Tribuna.com