Усе навіны

Бернд Штангэ: «На ЧС-2022 футбалісты бегалі за Месі. Калісьці мне не ўдалося пераканаць гульцоў зборнай гэтак жа бегаць за Глеба»

22 снежня 2022, 20:37
2

Экс-галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе Бернд Штангэ распавёў, што яму спадабалася ў зборнай Аргенціны на чэмпіянаце свету-2022, а таксама правёў паралелі паміж гэтай зборнай і зборнай Беларусі пад яго кіраваннем.

– Рады за Ліянэля Месі і зборную Аргенціны?

– Так. Для мяне ён сапраўды найлепшы гулец мінулага турніру, і я не самотны ў сваім меркаванні. Месі заслужыў гэты трафей. Аргентынцы вельмі слаба стартавалі, але з'ядналіся і аралі адзін за аднаго. Маладыя хлопцы бегалі за Леа, змагаліся дзеля яго, а ён паказаў увесь свой геній.

У фінале сустрэліся дзве наймацнейшыя каманды, і лепшая з іх выйграла. Хоць французы таксама выступілі добра. Як і чатыры гады таму ў Расеі, яны не прэсінгавалі, а цярпліва чакалі свайго шанцу. Уразіў Мбапэ – гэта суперзорка на бліжэйшыя дзесяць гадоў. Па стылі ён вельмі адрозніваецца ад Месі, дзівіць яго хуткасць. Не ведаю іншых футбалістаў, якія б так разганяліся з месца.

– Чаму Месі не ўдавалася стаць чэмпіёнам свету раней?

– Мне здаецца, цяпер Аргентынскі трэнер пераканаў усю каманду бегаць і змагацца дзеля яго. Раней такога не было. І вось Леа нават у 35 гадоў здолеў заваяваць гэты тытул. Прычым ён гуляў сапраўды здаровы – забіваў, асіставаў. Кожны яго пас філігранна клаўся на нагу партнёру.

Калісьці мне ў зборнай Беларусі не ўдалося пераканаць гульцоў гэтак жа бегаць за Глеба. Складана было растлумачыць Сітко або Філіпенка, чаму яны павінны адпрацоўваць за мільянера, які атрымліваў значна больш, чым яны, – сказаў Штангэ.