Усе навіны

Экс-трэнер брэсцкага «Дынама» Лічка: «Тое, што адбываецца ва Украіне, вельмі журботна. Ніколі б не падумаў пра нешта падобнае ў ХХІ стагоддзі. У Расіі я дзеля спорту»

7 студзеня 2023, 15:52

Экс-трэнер брэсцкага «Дынама» Марцэл Лічка, які трэніруе «Арэнбург», выказаў сваё меркаванне пра вайну ў Украіне, а таксама патлумачыў, чаму застаўся працаваць у Расіі.

– Хтосьці з вашага атачэння абвінавачваў вас, што вы застаяцеся ў Расіі?

– Я павінен сказаць, што не. Маё асяроддзе разумее, што я тут дзеля спорту. Я заўсёды казаў, што палітыцы проста не месца ў спорце. Вядома, тое, што адбываецца ва Украіне, вельмі сумна. Ніколі б не падумаў, што нешта падобнае можа адбыцца ў XXI стагоддзі, але я працаваў тут раней, у мяне ёсць дзеючы кантракт у «Арэнбургу».

– А цяпер, акрамя таго, у Расію ў якасці памочніка трэнера прыязджае ваш брат Марыа.

– Марыа заканчвае [навучанне на] трэнерскую ліцэнзію. Перад пачаткам сезону [спартыўны дырэктар «Арэнбурга»] Дзмітрый Андрэеў сказаў мне, што я магу прывесці кагосьці яшчэ. Я тады адмовіўся, сказаўшы, што мне больш ніхто не патрэбны. Потым, калі «Краснадар» праявіў да мяне цікавасць, Дзіма спытаў мяне, хто будзе трэніраваць пасля мяне, калі я пайду. Ён хацеў кагосьці, хто працягне нашу філасофію, і сам пытаўся пра Марыа.

Я спытаў у брата, і ён сказаў, што хацеў бы паспрабаваць. Я сказаў яму, каб ён зразумеў, што ў наш час шмат хто будзе паліваць яго брудам за тое, што ён едзе ў Расiю.

– І што брат?

– Тое ж, пад чым падпішуся я: што ён прыйдзе займацца футболам. Палітыка нас не цікавіць, – сказаў Лічка.