Усе навіны

Бабур Абдзiхолікаў: «У маёй памяці назаўжды застанецца выдатны Мiнск і ўся Беларусь»

10 студзеня 2023, 20:26

Найлепшы футбаліст чэмпіянату Беларусі-2022 Бабур Абдзiхолікаў развітаўся з заўзятарамі «Энергетыка-БДУ».

Футбаліст далучыўся да «студэнтаў» у сярэдзіне сезона-2021. За гэты час ён правёў у чэмпіянаце 44 матчы, набраў 28+6 ачкоў па сістэме гол+пас, а таксама згуляў 3 матчы ў Кубку Беларусі (1 гол). У мінулым годзе стаў найлепшым бамбардзірам вышэйшай лігі (26 галоў).

– Дарагія заўзятары «Энергетыка», трэнеры, супрацоўнікі і ўсе, хто неабыякавы да клуба.

Хацеў бы ад усяго сэрца падзякаваць вам за час, праведзены разам. За гэтыя паўтара гады я паспеў палюбiць кожнага з вас. У маёй памяці назаўжды застанецца цудоўны Мінск і ўся Беларусь.

Дзякуй кожнаму аднаклубніку, з якім мне давялося выходзіць на поле. Жадаю вам усім удачы па ходзе кар'еры. Для мяне было вялікім гонарам гуляць разам з вамі ў футболцы з быком на грудзях.

Удзячны фанатам за гарачую падтрымку. Незалежна ад выніку і надвор'я вы прыходзілі на матчы "Энергетыка" і гналі нас наперад.

Дзякуй Уладзіміру Бяляўскаму, Паўлу Раднёнку і іх трэнерскім штабам. Дзякуючы вам я вырас, як футбаліст і змог раскрыць свае найлепшыя якасці.

Асобная падзяка Анатолю Іванавічу Юрэвічу, з якім я працаваў у «Энергетыку» з першага дня знаходжання ў камандзе. Тыя веды, якія вы мне далі, будуць са мной да канца кар’еры. Вы ўклалі ў мяне шмат сіл і часу, за гэта вам вялікі дзякуй.

Хацеў бы таксама адзначыць нашага трэнера Мікалая Мікалаевіча [Бранфілава]. Вашы «зарады» у распранальні я ніколі не забуду. Вы не толькі першакласны трэнер, але і выдатны матыватар!

Гэта быў выдатны час. Мы зрабілі вельмі шмат разам, здзяйснялі тое, чаго ад нас мала хто чакаў. Але галоўнае, што мы верылі ў сябе. «Энергетык» дамагаўся поспехаў за кошт выдатнай атмасферы ў камандзе, калектыве і людзям, якія працуюць на карысць клуба.

«Энергетык» даў мне шматлікае. Спадзяюся, што змог адказаць клубу тым жа.

Я пакідаю «Энергетык» з пачуццём выкананага абавязку і вялікімі планамі на будучыню. Жадаю клубу толькі поспехаў і абяцаю сачыць за вынікамі каманды. «Энергетык» заняў адмысловае месца ў маім сэрцы.

Вялікі дзякуй вам усім, – напісаў Абдзiхолікаў.