Усе навіны

Вячаслаў Герашчанка: «У «Дняпра» вялікі скачок па інфраструктуры. 10 гадоў таму ездзілі на «гырчыку» па 30 чалавек, зараз вялікі аўтобус, некалькі мікрааўтобусаў»

13 студзеня 2023, 23:01

Галоўны трэнер «Дняпра» Вячаслаў Герашчанка прыгадаў часы свайго першага прышэсця ў клуб. Ён узначальваў каманду ў сезонах-2011-2013.

– Вы працавалі ў Магілёве 10 гадоў таму. Якія асноўныя адрозненні футбольнага клуба «Дняпро» таго перыяду і цяперашняга?

– Першае і самае галоўнае адрозненне – гэта інфраструктура. 10 гадоў таму ў клуба была… Нават не ведаю, якое правільнае слова падабраць, - так званая база «Янтар». Там было поле, якое нагадвае футбольнае толькі, мусіць, разметкай. Зараз жа ў распараджэнні клуба цудоўны манеж, штучнае поле, стадыёны «Спартак» і «Тарпеда» са сваёй інфраструктурай. Умовы для працы, калі не ідэальныя, то блізкія да гэтага. У гэтым, мусіць, і ёсць галоўнае адрозненне таго «Дняпра» і цяперашняга. Плюс сітуацыя з транспартам. 10 год таму ў нас быў так званы «гырчык», на якім ездзіла па 30 чалавек. Цяпер у клуба ёсць вялікі аўтобус, некалькі мікрааўтобусаў. Так што ў плане інфраструктуры зроблены вялікі і якасны скачок у развіцці клуба. Гэта выклікае павагу і захапленне.

– За мінулыя 10 гадоў у «Дняпры» шмат чаго змянілася. Наколькі сур'ёзна вы сачылі за справамі магілёўскай каманды?

– Ну, магчыма, не так уважліва і сур'ёзна назіраў, але ўсё роўна сачыў за камандай, як яна выступае ў першай і другой лігах, ну і, вядома ж, у вышэйшай лізе. Нейкія матчы бачыў ужывую, нейкія – па тэлевізары. Так, канешне, каб зусім адрачыся ад магілёўскага футбола, то такога не было. У любым выпадку, дзе б не працаваў, я прыязджаў дадому і практычна заўсёды быў у курсе спраў, – сказаў Герашчанка.