Усе навіны

Балгарскі «Леўскі» адмовіўся ад матчаў з «Уралам» Ганчарэнкі і «Спартаком» пасля пратэсту фанатаў

20 студзеня 2023, 16:37

Балгарскі «Леўскі» адмовіўся праводзіць таварыскія матчы з «Уралам» Віктара Ганчарэнкі і «Спартаком».

Гульні павінны былі адбыцца ў Дубаі 22 і 31 студзеня адпаведна. Цяпер расійскія клубы будуць шукаць новых сапернікаў.

«Кіраўніцтва прыняло канчатковае рашэнне наконт таго, што планавыя кантрольныя сустрэчы са «Спартаком» (Масква) і «Уралам» не адбудуцца. Рашэнне па іх было прынятае з разлікам на максімальна поўную падрыхтоўку прадстаўнічай каманды. Аднак найважнейшым для нас застаецца адзінства клуба і заўзятараў», – пракаментаваў балгарскі клуб.

Ультрас «Леўскі» да гэтага выступілі з пратэстам супраць правядзення камандай таварыскіх матчаў з расійскімі клубамі на зімовым зборы ў Дубаі.

Фанаты вывесілі банеры з надпісамі «Не легітымізуйце пуцінскі тэрарызм» і «Леўскі» азначае свабоду, а не тыранію».

Раней кіраўніцтва балгарскага клуба запланавала кантрольныя матчы з «Краснадарам», «Спартаком» і «Уралам», але пры гэтым разглядала варыянт з выхадам у сіне-жоўтых колерах на гэтыя гульні. Гэта нібыта павінна было стаць жэстам у падтрымку Украіны ў вайне супраць РФ.

Традыцыйны камплект «Леўскі» – цалкам жоўтая або цалкам сіняя форма.

Нагадаем, з 24 лютага Расія працягвае вайну ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.