Усе навіны

Руні прапанавалі ўзначаліць «Эвертан». Таксама разглядаюцца кандыдатуры Дайча і трэнера «Брэнтфарда»

23 студзеня 2023, 22:07

Былы гулец «Манчэстэр Юнайтэд» і зборнай Англіі Уэйн Руні можа ўзначаліць «Эвертан», паведамляе EFC DAILY са спасылкай на журналіста GOAL Ніла Джонса.

Прадстаўнікі ліверпульскага клуба яшчэ 22 студзеня звязаліся з 37-гадовым англічанінам, каб даведацца, ці гатовы ён замяніць Фрэнка Лэмпарда.

Галоўны трэнер «Дзі Сі Юнайтэд» яшчэ не вырашыў, ці прымаць прапанову.

Да «Дзі Сі Юнайтэд» Руні трэніраваў «Дэрбі». Ён з'яўляецца выхаванцам «Эвертана», забіў 28 галоў і зрабіў 8 асістаў у 117 матчах за клуб.

У той жа час галоўны рэпарцёр Sky Sports Каве Солхекол паведамляе, што ў спіс кандыдатаў «Эвертана» на замену Лэмпарду ўваходзяць былы коуч «Бёрнлі» Шон Дайч і галоўны трэнер «Брэнтфарда» Томас Франк.

Раней паведамлялася, што фаварыт на месца Лэмпарда – Марсела Бʼелса.

«Эвертан» пакуль афіцыйна не аб'явіў аб спыненні супрацоўніцтва з Лэмпардам.