Усе навіны

Трэнер брамнікаў зборнай Беларусі Сацункевіч пра Паўлючэнку: «Ён ужо, напэўна, забыўся, калі апошні раз гуляў у футбол»

24 лютага 2023, 18:56

Трэнер брамнікаў зборнай Беларусі Андрэй Сацункевіч падзяліўся меркаваннем аб пераходзе галкіпера Паўла Паўлючэнкі ў польскі «Гурнік».

– Я толькі вітаю гэты пераход. Абы Павел там гуляў. Тады будзе і яму добра, і зборнай. А то ён ужо, мусіць, забыўся, калі апошні раз гуляў у футбол.

– Дарэчы, вас не здзівіла, што «Гурнік» паклікаў брамніка, які правёў усяго адзін матч у гэтым сезоне?

– Што значыць «здзівіла – не здзівіла»? Я ж не магу ні на што паўплываць. Успрымаю гэта так, як яно ёсць. Мы яму дзесяць разоў казалі: «Давай, Паша, шукай каманду, дзе будзеш гуляць». Хлопец яшчэ малады, па варатарскіх мерках, таму трэба гуляць. А то ён ужо практычна год не граў.

– Раскрыеце сакрэт, Паўлючэнка будзе выкліканы ў зборную на сакавіцкія матчы кваліфікацыі Еўра-2024?

– Не раскрою. Думаю, на наступным тыдні будзе нейкае пасоўванне па складзе. Але ў цяперашняй сітуацыі цяжка нешта загадваць, – сказаў Сацункевіч.

Апошнім клубам Паўлючэнкі была «Тэрмаліка» з польскага Д2. Агулам у двух сезонах за «Тэрмаліку» галкіпер згуляў у дзесяці матчах.

У гэтым сезоне Д2 Польшчы Паўлючэнка прыняў удзел у адным з 20 магчымых матчаў.

«Гурнік», пасля 21-га тура ідзе на 15-м месцы, маючы ў актыве 22 ачкі, апярэджваючы «Пяст», які размясціўся на 16-м радку, на 2 ачка.

Адзначым, што за «Гурнік» выступае чэмпіён свету 2014 года ў складзе зборнай Нямеччыны Лукас Падольскі.