Усе навіны

Дзмітрый Навоша: «Меркаванне, што футбол – грубая гульня не для жанчын, падобнае да слоў Лукашэнкі, маўляў, палітыка – брудная справа, жанчына не пацягне быць прэзідэнтам»

10 сакавіка 2023, 16:03

Заснавальнік Tribuna.com Дзмітрый Навоша падзяліўся меркаваннем аб гендэрнай няроўнасці ў спорце.

– Мне заўсёды здаваўся вельмі ўбогім і абмежаваным погляд на спорт як на падзею, якая адбываецца ўнутры футбольнага поля, ці тэніснага корта. Спорт вельмі моцна ўбудаваны ў жыццё грамадства, гэта вельмі сацыяльна такая рэч. Спорт – гэта ўсё, што адбываецца са спартсменамі, клубамі, ён шчыльна звязаны з эканомікай, палітыкай, сацыяльнымі працэсамі. Любыя рэчы, што там было важна да вайны? Black Lives Matter, напрыклад. Тэма расізму ў спорце вельмі моцная. Спорт – добрае асяроддзе, праз якое можна тлумачыць, чаму расізм убогі.

– Як гэтая тэма прайшла праз спорт?

– У Расіі ў 1990-я гады ў цемнаскурых футбалістаў з трыбун запускалі бананы. Быў нейкі пячорны расізм.

Ты там нейкі маскоўскі гапар, заўзееш за ЦСКА, а вядучыя гульцы тваёй каманды цемнаскурыя рабяты – у цябе пачынае адбывацца нейкі працэс. І, увогуле, бананы перасталі ляцець з трыбун. Жарт перастаў здавацца смешным, бо людзі пачалі праз такія рэчы разумець: так, класныя хлопцы. Але ўвогуле гэта па-рознаму рэзаніруе ў спорце.

Або гендэрная роўнасць… У спорце нідзе няма гендэрнай роўнасці, можа, акрамя тэніса – адзіны спорт, дзе жанчыны і мужчыны зарабляюць аднолькава.

Жаночы футбол, які ўсім здаваўся экзотыкай, а ў Барселоне, дзе я жыву, збірае па 90 тысяч чалавек на матч.

– У мяне была некалькі гадоў таму пра гэтую спрэчку з [уладальнікам «Краснадара» Сяргеем] Галіцкім у інтэрв'ю. Кажу, маўляў, чаго вы так супраць жаночага футбола? Ён кажа, маўляў, жаночы футбол – гэта не футбол, і наогул футбол – грубая гульня, там мужыкі б'юць адзін аднаму буцай у калена, як жанчыны могуць гэта рабіць (у інтэрв'ю 2019 года Галіцкі заявіў, што «не гатовы фінансаваць удар адной жанчыны ў калена іншай буцай», аднак у 2020-м у структуры «Краснадара» з'явілася жаночая каманда – Tribuna.com).

– Трохі падобна да слоў Лукашэнкі, калі ён казаў, маўляў, ну як жанчына можа быць прэзідэнтам, палітыка брудная справа, жанчына наогул не пацягне такое. Нейкую пераклічку чую паміж гэтымі выказваннямі. Пры ўсёй павазе да Галіцкага.

– Ну, напрыклад, жаночы баскетбол ніколі не быў такі папулярны, як мужчынскі. Проста таму што, мусіць, жанчыны не так высока скачуць і зверху так хораша не кладуць.

– Gap [розніца] паміж відамі спорту, іх папулярнасцю і запатрабаванасцю скарачаецца.

Іспанія… У мяне сківіца часам падае, калі я гляджу, што гэта краіна мачо-культуры, краіна, у якой яшчэ пры [дыктатары Франсіска] Франка, бабулі гэта памятаюць, жанчына не магла адкрыць банкаўскі рахунак без дазволу мужа, а зараз настолькі зрабіла крок наперад…

Я, як бацька 3 дачок, – перакананы фемініст.

– У мяне пытанне з футболам: прыклады паспяховых футбалістак яны калісьці будуць?

– Вядома, яны ж ужо ёсць – на жаночую «Барселону» прыходзяць 90 тысяч чалавек – столькі ж, колькі і на мужчынскую. Запаўняецца поўны стадыён на топавых матчах.

– Але гэта ж яшчэ і бізнэс за гэтым павінен стаяць… Гэта ж машына па зараблянні грошай. Наколькі яны [мужчынскі і жаночы спорт] зараз у маштабах адрозніваюцца?

– Бізнэс падцягваецца. Gap так, есць, ён вялікі, ён гістарычна склаўся. Але важна, каб знікалі бар'еры, а потым жыццё расстаўляла вагу на свае месцы.

Некаторыя рэчы не будуць аднолькавымі. Ёсць віды спорту, якія хутчэй уласцівыя жанчынам, частка, можа, хутчэй уласціва мужчынам, без татальнай забароны. Як бы хто не смяяўся з мужчынскай мастацкай гімнастыкі.

– Ну яна ж ёсць, і ў ёй няма нічога дрэннага.

– Так, але ў Расіі на гэта па-ранейшаму гэта ідзе праз коску з «Гейропай», «Бацька 1», «Бацька 2». На гэта па-ранейшаму спортуюць як на трэш, і маўляў, глядзіце, як разбэшчаны Захад, – сказаў Навоша.