Усе навіны

Абаронца «Тарпеда-БелАЗ» Глушчанкоў: «Прапусцілі адзін непатрэбны мяч, таму ў канцы гульні ледзь-ледзь адчувалася трывожнасць. Але мы надзейна скончылі матч»

1 красавіка 2023, 23:13

Абаронца «Тарпеда-БелАЗ» Кірыл Глушчанкоў распавёў пра пераможны матч супраць «Смаргоні» (2:1).

– Кірыл, Віншуем з перамогай і з забітым голам. Раскажы свае эмоцыі пасля забітага мяча і ці атрымаўся план на сённяшнюю гульню?

– Дзякуй вялікі за віншаванні, эмоцыі самыя станоўчыя. Атрымалася забіць, гэта заўсёды радасць.

Наконт плана на гульню – першы тайм цалкам кантралявалі, усё добра складвалася і забілі гол. А ў другім тайме надвор'е ўнесла свае карэктывы: з-за моцнага дажджу, поля стала зусім слізкім. Галоўнае што атрымалася забіць другі гол, але прапусцілі адзін непатрэбны мяч, таму ў канцы гульні ледзь-ледзь адчувалася трывожнасць. Але мы надзейна скончылі матч, таму, думаю, усе задаволеныя.

– Нягледзячы на тое, што гэты хатні матч праходзіў не ў Жодзіне, а ў Мінску, на гульні ўсё роўна была вялікая колькасць прыхільнікаў «аўтазаводцаў». Адчувалася ці падтрымка заўзятараў?

– Безумоўна, заўзятары кожны матч з намі. У мінулым туры яны прыехалі цэлым аўтобусам у Брэст. І сёння, у Мінску, таксама было шмат людзей, якія прыехалі з Жодзіна. Мы чуем іх на працягу ўсяго матчу, са сваімі заўзятарамі нашмат прыемней гуляць, яны ўносяць вялікі ўклад у нашу гульню, дзякуй ім велізарнае.

– «Тарпеда» працягвае выступы ў розыгрышы Кубка Беларусі. У паўфінале вы патрапілі на «Славію». Ці задаволеныя такім лёсаваннем?

– Заўсёды на полі ў нас адна задача – перамагаць у кожным матчы, іншых задач у нас няма. Выйшлі на «Славію», значыць трэба выходзіць і выйграваць, – распавёў Глушчанкоў