Нігерыец «Івацэвічаў» Ачы-Кану: «Бабуля жонкі вельмі смачна корміць, ем, пакуль не перастаю дыхаць»
Футбаліст «Івацэвічаў» (Д3) Антоніа Ачы-Кану распавёў пра сваю сям'ю.
– Ты гуляеш у другой лізе чэмпіянату Беларусі. Значыць, у цябе ёсць дазвол на жыхарства ў нашай краіне?
– Так, я тут ажаніўся і завёў сямʼю. У мяне цудоўная жонка і выдатная маленькая дачка, мы жывём у Брэсце, вельмі класным горадзе. Да таго ж я займаюся любiмай справай – гуляю ў футбол.
– Калі «Івацэвічы» паднімуцца ў дывізіёне вышэй і стануць прафесійным клубам, пагодзішся пераехаць на сталае месца жыхарства ў аднайменны горад?
– Наогул без праблем, і нават з радасцю. Мая жонка родам з Івацэвічаў, а яе бабуля жыве побач са стадыёнам. І заўсёды мяне вельмі смачна корміць.
– І якая ж любімая страва з тых, што яна гатуе?
– Іх шмат, нават цяжка нешта вылучыць. Назаву курыцу-грыль, бульбу... А супы ўвогуле падаюць па-каралеўску. Калі прыходжу, ем датуль, пакуль літаральна не перастаю дыхаць, – сказаў Ачы-Кану.
