Усе навіны

УЕФА пацвердзіў нядопуск «Іслачы» да еўракубкаў

13 чэрвеня, 21:46

УЕФА прыняла рашэнне не дапускаць «Іслач» да ўдзелу ў лізе канферэнцый сезона 2023/24.

Нагадаем, пасля абвяшчэння рашэння КДК АБФФ 11 мая па справе аб дагаворных матчах і не выдачы ліцэнзіі на ўдзел у еўракубках «Шахцёру» і «Энергетыку-БДУ» ў лізе канферэнцый Беларусь павінна была прадставіць «Іслач» як каманда, якая заняла 5-е месца ў сезоне 2022 года.

З рэгламентуючых дакументаў УЕФА вынікае, што каманда, якая прэтэндуе на ўдзел у турнірах пад эгідай арганізацыі, павінна пісьмова пацвердзіць, што «з 27 красавіка 2007 года клуб не быў прама і (або) ускосна ўцягнуты ў якую-небудзь дзейнасць, накіраваную на арганізацыю дагаворнага матчу ці ўплыву на яго вынік на нацыянальным ці міжнародным узроўні. У адваротным выпадку гэты прадстаўнік не будзе дапушчаны да ўдзелу ў турнірах пад эгідай УЕФА. Дыскваліфікацыя распаўсюджваецца на адзін еўракубкавы сезон, а менавіта першы пасля заваявання такога права па спартовым прынцыпе».

Бо «Іслач» была замешаная ў дамоўных матчах у 2016 годзе, а сёлетні сезон з'яўляецца першым, калі «ваўкі» кваліфікаваліся ў еўракубкі – каманда не будзе дапушчаная да ўдзелу ў лізе канферэнцый.

Адзначым, прэс-служба «Іслачы» таксама паведаміла, што «клуб прымае гэтае рашэнне і не будзе яго аспрэчваць у Спартыўным арбітражным судзе».