Усе навіны

Валерый Грамыка: «Шасцюк папрасіў мяне, і я па дабрыні душэўнай саступіў яму пенальці. Я быў упэўнены, што ён заб'е»

4 верасня, 14:55

Паўабаронца БАТЭ Валерый Грамыка падзяліўся меркаваннем аб матчы з брэсцкім «Дынама» (4:0).

– Выйгралі заслужана, стварылі плойму момантаў. Так, не ўсе рэалізавалі, але давялі справу да лагічнага завяршэння. Хаця ў сярэдзіне першага тайма пры ліку 2:0 далі сабе нейкае паслабленне – можа, падумалі, што ўжо перамаглі? Страцілі канцэнтрацыю і ў выніку ля нашай брамы сталі з'яўляцца моманты. Пасля гэтага на другі тайм выйшлі больш сабранымі - і забілі яшчэ двойчы.

– Гульня вам сапраўды давалася. Сам паверыў бы, што пераможаце буйна і ўсухую – пасля доўгага шляху дадому і зусім кароткага тэрміну аднаўлення?

– Напэўна, перш за ўсё адбілася тое, што мы выступалі ў еўракубках, дзе зусім іншыя хуткасці. За два месяцы прывыклі да іх. Таму, мне падаецца, так адразу і далася гульня ў чэмпіянаце пасля вяртання.

– Чаму не біў пенальці?

– Шасцюк папрасіў мяне, і я па дабрыні душэўнай саступіў яму гэтае права. Ну, не забіў Саша, хоць я быў упэўнены, што заб'е... Нічога страшнага, яшчэ прыйдуць і яго галы – наперадзе ўся кар'ера.

– Шасцюк аддаў табе шыкоўную перадачу пяткай пры другім узяцці варот. Як сам бачыў эпізод?

– Ды я проста рухаўся за нападаючым з глыбіні поля. Шчыра кажучы, нават не заўважыў, крануў Саша мяча ці не, – сказаў Грамыка.