Усе навіны

Экс-гулец БАТЭ Алексіян пра ад'езд з Беларусі: «За 2020 год хочуць усіх перасаджаць. Мяне ў тым ліку. Сястры далі 2,5 года «хатняй хіміі»

7 верасня, 14:13

Экс-гулец БАТЭ Кірыл Алексіян у інтэрв'ю Telegram-каналу «О, спорт! Ты – мир!» распавёў, чаму з'ехаў з Беларусі.

– Дзе цяпер жывеш і чым займаешся?

– Жыву ў цудоўнай краіне Грузіі, у Тбілісі. Вельмі тут падабаецца, выдатны гасцінны народ. Мы з жонкай паўтара года ў прыемным шоку ад прастаты людзей, дабрыні і Гасціннасці. Гэта топ. Нам, беларусам, яшчэ ёсць куды расці і імкнуцца. Як прыклад, грузіны, як правіла, заўсёды вельмі актыўна імкнуцца табе дапамагчы. Грошай за гэта не бяруць, – калі ім стараешся заплаціць, злуюцца на цябе, маўляў, ты іх гэтым абражаеш.

– Чаму вырашыў перабрацца ў Тбілісі?

– Палітычная сітуацыя закранула канкрэтна маю сям'ю. Сястра была затрыманая. Яе асудзілі па частцы 1 артыкула 342 КК (па ёй адпраўляюць за краты ўдзельнікаў мірных пратэстаў, якія выходзілі на праезную частку, у чым і заключаецца «склад злачынства» – Tribuna.com). Далі ёй 2,5 года «хатняй хіміі», яна працягвае адбываць тэрмін.

За 2020 год хочуць усіх перасаджаць. І мяне ў тым ліку. У выніку з-за абʼектыўных прычын, маючы асцярогі за сваю бяспеку, у адзін момант літаральна за два дні сабраў валізкі і зʼехаў. Дзякуй Богу, паспеў праскочыць. Ехаў у літаральным сэнсе ў нікуды. Для мяне галоўным было трапіць у свабодную краіну, дзе мяне дакладна не прэсануць, не затрымаюць, дзе за мной у адзін дзень не прыйдуць і не арыштуюць. Цяпер адчуваю сябе ў бяспецы, – сказаў Алексіян.