Усе навіны

Трэнер «Іслачы» Камароўскі: «Гульцы дубля павінны шанаваць кожны прадстаўлены шанец»

17 верасня, 12:59

Галоўны трэнер «Іслачы» Дзмітрый Камароўскі пракаментаваў таварыскі матч з «Дняпром» (2:0).

– Перамагчы. Гэта заўсёды добра. Але тут важна іншае. Трэба было паглядзець, наколькі правільна хлопцы выконвалі тую працу і разумелі тыя патрабаванні, якія былі за апошнія два тыдні. У наступным туры гуляем са «Славіяй», таму гэты спарынг мы разглядалі як падрыхтоўку да будучага суперніка ў чэмпіянаце.

– Футбалісты «Іслачы» кантралявалі гульню, але ў першым тайме вельмі доўга не было ўдараў у створ брамы. Што вы змянілі, бо пасля перапынку забілі двойчы і давялі матч да перамогі?

– Гэта наша ўнутраная кухня. Так, кантроль быў за намі, але толку ад гэтага не было. Такая гісторыя прасочваецца не толькі ў нас, але і на розных узроўнях. Ёсць выразныя дзеянні, якія трэба прадпрымаць, каб не трапляць у гэтыя пасткі. Гонар і хвала хлопцам: яны зразумелі, што ледзь-ледзь няправільна вядуць матч, і ўжо з 30-й хвіліны сталі гуляць так, як мы хацелі, як патрабуе сучасны футбол. Таму такі вынік у другім тайме. Хлопцы самі перагледзелі свае паводзіны на футбольным полі і зрабілі правільныя карэкціроўкі.

– Макася памянялі ўжо на 32-й хвіліне…

– Гэта запланаваная замена. Саша хварэў, у яго было недамаганне, практычна тыдзень не трэніраваўся. Я яму адводзіў 30 хвілін гульнявога часу і вырашыў, што лепш хай правядзе іх з самага пачатку паядынку і атрымае нагрузку. Плюс ён яшчэ ў перапынку зрабіў дадатковую працу.

– Да матчу па індывідуальнай праграме працавалі Скработаў і Жураўлёў. Як ідзе аднаўленне ў хлопцаў?

– Па Скработаву мы ведаем гісторыю. У хатняй гульні наш футбаліст, які на правах арэнды выступае за «Смаргонь», нанёс яму траўму. Ведаю Улада Кабачэўскага, яму было непрыемна ў гэтай сітуацыі, ён прасіў прабачэння. У яго самога была падобная траўма ў пачатку года. Ілля зрабіў добрую аперацыю, аднаўляецца, працэс ідзе досыць нядрэнна. Жураўлёў атрымаў траўму ў гульні з жодзінцамі. Ён знаходзіўся ў паслабленым стане, а супернік атакаваў яго са спіны, без мяча, тым самым нанёс пашкоджанне. Дзякуй богу, што нічога «не вылецела», але тыдзень не мог падымаць руку, каля дзесяці дзён не трэніраваўся. Цяпер Улад ужо пачынае займацца ў агульнай групе. Можна сказаць, што абышліся лёгкім спалохам.

– У Магілёве таксама не згулялі Мітрафанаў і Булмага, якія вярнуліся са зборных з пашкоджаннямі. Наколькі ўсё сур'ёзна ў іх?

– Мітрафанаў правёў два матчы за «маладзёжку » і вярнуўся ў Мінск з мікрапашкоджаннем. Ёсць яшчэ лёгкае недамаганне пасля пералётаў. Булмаге ўдарылі па назе ў гульнях за моладзевую зборную, таму не рыхтаваўся да гэтага спарынгу.

– Падчас міжнароднай паўзы вы падключылі групу хлопцаў з дубля да працы з галоўнай камандай, далі ім гульнявы час у таварыскім матчы з «Дняпром». Наколькі задаволеныя іх стаўленнем да справы?

– Гэта яны павінны быць задаволеныя, што іх прыцягваюць да працы з галоўнай камандай і даюць шанец праявіць сябе (усміхаецца). Па кожным футбалісту гэта асобная размова. Усе яны працавалі з намі два тыдні, таму былі вартыя выйсці ў таварыскай гульні. Лічу, што для іх гэта павінна паслужыць добрай матывацыяй.

Хлопцы з дубля прыходзяць у галоўную каманду не таму, што прыйшла іх чарга. Яны павінны шанаваць кожны прадстаўлены шанец, таму што ўсё можа хутка памяняцца: ад вельмі моцна перспектыўнага да нікому не патрэбнага адзін крок, так і наадварот. Пацвярджаць свой статус вельмі складана. Ім трэба заслужыць гэты шанец іскрай у вачах і працай на трэніроўках. Моладзь павінна заўзята жадаць замацавацца ў асноўным складзе, каб трэніравацца штотыдзень, – сказаў Камароўскі.