Усе навіны

«Тарпеда-БелАЗ» не атрымала з УЕФА амаль 700 тысяч еўра з-за санкцый да аўтазавода

20 верасня, 21:10

У «Тарпеда-БелАЗ» ёсць праблемы з атрыманнем грошай ад УЕФА – з-за таго, што галоўны спонсар клуба завод БелАЗ яшчэ з чэрвеня 2021 года знаходзіцца пад еўрапейскімі санкцыямі. У АБФФ, прымаючы еўракубкавую заяўку ад «Тарпеда-БелАЗ», папярэджвалі пра гэта, аднак у ФК вырашылі не адмаўляцца ад удзелу. Еўракубкавую кампанію «аўтазаводцы» правялі за свой кошт, аплаціўшы і арэнду «хатняга» стадыёна ў Венгрыі. Пры гэтым за хуткі вылет з ЛК «Тарпеда-БелАЗ» належыць ад УЕФА 450 тысяч еўра (100 тысяч за ўдзел у стадыі, 350 – за вылет у другім раундзе Лігі канферэнцый).

Пакуль на гэтыя грошы ў клубе не разлічваюць – і не толькі на гэтыя. Клуб да гэтага часу не атрымаў леташні бонус ад УЕФА у памеры 25 тысяч еўра (даходы ад еўракубкаў-2021/22 перавысілі прагнозы, а таму еўрапейская асацыяцыя павінна была даслаць часцінку звышпрыбытку і «Тарпеда-БелАЗ» як удзельніку таго еўрасезону). Не можа клуб атрымаць ад УЕФА і грошы за 2022 і 2023 гады па «праграме салідарнасці» (падтрымка дзіцячых школ у Еўропе) і за зборнікаў, якія бралі ўдзел у матчах Лігі нацый. Па нашай інфармацыі, агульная сума «замарожаных» з-за санкцый выплат складае амаль 700 тысяч еўра – а гэта ледзь не гадавы бюджэт жодзінскага клуба.