Усе навіны
Відэа

Андрэй Патапенка: «На відэа мой гол БАТЭ выглядае прыгажэй, чым было ў рэальнасці»

27 верасня, 16:32

Паўабаронца «Гомеля» Андрэй Патапенка падзяліўся эмоцыямі ад свайго гола, які ён забіў БАТЭ ў перанесеным матчы 16-га тура чэмпіянату Беларусі.

– Якія адчуванні ў выхаванца БАТЭ, які забіў і абыграў родны клуб на «Барысаў-Арэне»?

– Прыемна было вярнуцца на арэну. Раней я ніколі не выходзіў у аснову на гэтым стадыёне. Перад гульнёй нават казаў трэнерскаму штабу, што першы раз з'яўлюся тут у «старце». Тым больш усё знаёма, столькі гадоў правёў у гэтым клубе... Цяпло стаўлюся да БАТЭ.

– Як табе прыйшла ў галаву ідэя прабіць пяткай у эпізодзе з голам?

– Калі сапраўды, гуляў у большай ступені па мячы. У мяне такая пазіцыя, што заўсёды трэба замыкаць далёкую штангу. Убег, шукаў мяч у штрафной. Саша [Ануфрыеў] аддаў вельмі добрую перадачу. А я ўжо неяк падстроіўся. Не было такога, каб бег і думаў: трэба прабіць пяткай. Проста згрупаваўся – і атрымалася вось так. Спачатку ўвогуле не ўбачыў, як мяч заляцеў. На відэа гол выглядае прыгажэй, чым было ў рэальнасці.

– Падчас галявой камбінацыі была ж і яшчэ адна пятка. Звярнуў увагу?

– Ужо потым, на паўторы. Косця [Кучынскі] любіць гуляць прыгожа. І на трэніроўках, і ў матчах у яго гэта атрымоўваецца. Малайчына.

– Ты дэманстратыўна не стаў святкаваць забіты мяч. Вырашыў, што зробіш так у выпадку гола, яшчэ да матчу? Ці гэта быў экспромт?

– Перад кожнай гульнёй хочацца забіваць, аддаваць галявыя перадачы. БАТЭ – мой родны клуб. Ведаў, што, калі забʼю, не змагу дазволіць сабе неяк святкаваць. Таму што гэтая каманда дала мне шмат чаго. Шчаслівы, што так здарылася. Спадзяюся, балельшчыкі БАТЭ і ўсе, хто мае дачыненне да клуба, моцна на мяне не крыўдуюць.

– Які гол прынёс больш эмоцый: у матчы з БАТЭ або ў гульні са «Славіяй» – пераможны, на 94-й хвіліне?

– Я не так часта забіваю. Мне здаецца, больш эмоцый было са «Славіяй». Усё ж гэта вельмі важны гол на апошніх секундах. А тут наперадзе яшчэ было шмат гульнявога часу.

– Што сказалі пра твой аўторкавы гол партнёры, заўзятары, родныя, сябры?

– Павіншавалі – з перамогай, з голам. Партнёры падтрымліваюць, ведаюць, што я вельмі сурʼёзна стаўлюся да забітых мячоў. На жаль, не заўсёды атрымліваецца забіваць, аддаваць. Усе шчыра пацешыліся за мяне. Сярога Мацвейчык ледзь не расцалаваў. Дзякуй вялікі яму і астатнім.

Яшчэ Рэйманд [Адэола] у нас лаецца, калі хтосьці забівае. Яго навучылі трошкі балбатаць на рускай. Як «ляпне» што-небудзь неардынарнае пасля гала… Мат ці яшчэ нешта. Выплюхвае свае эмоцыі, радуецца за партнёраў, – сказаў Патапенка.