Усе навіны

Бонек і два прадстаўнікі з Брытаніі ўстрымаліся пры галасаванні УЕФА за вяртанне расійскіх каманд U-17

29 верасня, 15:35

Тры з пяці віцэ-прэзідэнтаў УЕФА не падтрымалі вяртанне расійскіх каманд U-17 падчас галасавання, паведамляе Sky Sport.

Выканкам УЕФА правёў закрытае паседжанне на Кіпры. На якім віцэ-прэзідэнты з Брытаніі Дэвід Гіл і Лора Макалістэр разам з прадстаўніком Польшчы Збігневам Бонекам устрымаліся падчас галасавання па вяртанні каманд U-17 з РФ.

Усяго ў камітэце 20 чалавек, якія на галасаванні прынялі рашэнне на карысць расіян, але тыя не змогуць гуляць пад сваім сцягам, з гімнам і ў нацыянальных колерах, хатнія матчы павінны праводзіць на нейтральнай тэрыторыі.

За рашэнне вярнуць расіян аддаў свой голас віцэ-прэзідэнт Карл-Эрык Нільсан са Швецыі – яго краіна заявіла, што не прыме жаночую зборную Расіі U-17 на Еўра ў наступным годзе. Верагодна, яшчэ адзін віцэ-прэзідэнт УЕФА, Габрыэле Гравіна з Італіі, таксама прагаласаваў за вяртанне расіян.

Прэзідэнт Румынскай федэрацыі футбола Разван Бурляну таксама быў на паседжанні, каб выступіць супраць вяртання любых расійскіх каманд, але ў яго не было права голасу на галасаванні.

УЕФА адмовіўся каментаваць рознагалоссі на гэтай сустрэчы, настойваючы, што перамовы былі закрытыя. ФІФА адмовілася каментаваць, ці падтрымлівае рашэнне УЕФА.