Усе навіны

Валерый Бачароў: «Румынію можам абыграць. Са Швейцарыяй рэальная нічыя»

10 кастрычніка, 11:15
1

Хаўбек зборнай Беларусі Валерый Бачароў падзяліўся думкамі перад сустрэчамі з румынамі і швейцарцамі ў рамках кваліфікацыі Еўра-2024.

– Настрой баявы. Частка футбалістаў, тыя хто гуляе ва ўнутраным чэмпіянаце, паляцяць з Мінска. А астатнія хлопцы, якія выступаюць за мяжой, ужо адразу паляцяць у Будапешт.

– Якія наогул думкі пра будучыя сустрэчы? Напэўна абмяркоўвалі з партнёрамі?

– Каманды сур'ёзныя, вельмі моцныя. Мы толькі сёння сабраліся, пакуль не было ні трэніровак, ні тэарэтычных заняткаў. Заўтра прыляцім і ўжо на месцы будзем рыхтавацца паўнавартасна ўсе разам.

– Якога футбола чакаеце ад супернікаў? Тым больш ужо сустракаліся з імі ў першым крузе.

– Зразумела, што гэтыя зборныя будуць спрабаваць гуляць супраць нас з пазіцыі сілы. У іх вельмі моцныя па індывідуальных якасцях футбалісты. Тым больш гэта датычыцца Швейцарыі. Прама зараз цяжка нешта сказаць, будзем рыхтавацца.

– Шанцы на выхад у фінальную частку Еўра ёсць хутчэй тэарэтычныя? На практыцы каманда заўважае, што Карлас Алос Ферэр у нейкай ступені зараз праводзіць працу менавіта на перспектыву, на наступныя турніры?

– Шчыра кажучы, я пра гэта нават не думаў. Гэта ягоныя пытанні. А наша задача выходзіць, гуляць і зарабляць ачкі.

– Ці згодныя, што шанцаў на другое месца па сутнасці няма?

– Вядома, калі зазіраць у табліцу, то ні для каго не сакрэт, што шанцаў вельмі мала.

– Калі казаць пра рэальныя лічбы – колькі ачкоў здольная набраць каманда ў будучых матчах?

– Калі казаць адэкватна, то, я думаю, што румынаў мы дома можам абгуляць. Гэта дакладна. Са Швейцарыяй у гасцях вельмі цяжка будзе, але нічыя ў тэорыі рэальны вынік. 4 ачкі, скажу так, будуць добрым вынікам, – паведаміў Бачароў.

З Румыніяй беларусы сустрэнуцца 12 кастрычніка ў 21:45 у Будапешце, з камандай са Швейцарыі – 15 кастрычніка ў 19:00 у Санкт-Галене.