Усе навіны

Сяргей Паліцевіч: «Нёман» з Жодзіна разышліся ўнічыю, і гэта адбілася на дзеяннях «Дынама» – перастрахоўваліся, не рызыкавалі»

2 лістапада, 18:34

Абаронца мінскага «Дынама» Сяргей Паліцевіч пракаментаваў турнірнае становішча каманды. Перад матчам з БАТЭ «Нёман» адстае ад мінчан на 4 ачкі.

– Пара нічыіх запар у «Нёмана» не магла не стаць тэмай для абмеркаванняў у калектыве.

– Сходу з гэтай нагоды не было (Усміхаецца). Але, зразумела, з рабятамі абменьваліся меркаваннямі, уражаннямі. Паядынак гродзенцаў з «Тарпеда-БелАЗам» глядзелі разам на базе ў Стайках – перад ад’ездам на дэрбі з «Мінскам».

І я ў чарговы раз пераканаўся: неабходна адштурхоўвацца выключна ад сябе, не звяртаць увагі на іншыя вынікі. Псіхалогія ж штука тонкая. «Нёман» з Жодзіна разышліся ўнічыю, і праз пару гадзін гэта адбілася на дзеяннях «Дынама» – дзесьці перастрахоўваліся, не рызыкавалі. Добра што перамога ёсць перамога, хай нават з мінімальным лікам. Ды і навошта цяпер ацэньваць таблічную сітуацыю? Наперадзе яшчэ хапае матчаў – думаем толькі аб бліжэйшым.

– Няўжо рэальна адмовіцца ад аналізу бягучага турнірнага становішча? Асабліва калі кожная вікторыя набліжае да рашэння галоўнай задачы.

– Сам-насам з сабой усе могуць меркаваць, вылічваць. Але ў публічнай прасторы, думаю, лепш пазбягаць падобных размоваў, – сказаў Паліцевіч.