Усе навіны

Уладзіслаў Малькевіч: «Да 12 гадоў дактары не дазвалялі мне займацца футболам»

9 лістапада, 13:07

Беларускі футбаліст «Урала» Уладзіслаў Малькевіч расказаў аб пачатку кар’еры і трапленні ў БАТЭ.

– Раскажы пра тое, як ты апынуўся ў БАТЭ.

– Футболам я заняўся ў 12 гадоў. Ужо ў 13 гадоў паехаў на прагляд у салігорскі «Шахцёр». Мяне не ўзялі, вярнуўся ў родны горад Маладзечна. Праз некаторы час з’явілася магчымасць паказаць сябе ў БАТЭ. Але доўгі час не мог патрапіць у юнацкую каманду. Гуляў за другую каманду свайго ўзросту. Але ў 14 гадоў усё хутка перавярнулася. Спачатку мяне ўзялі ў юнацкую каманду БАТЭ, потым патрапіў у зборную па сваім узросце. А ў 15 гадоў гуляў у юнацкай Лізе Чэмпіёнаў. Нашымі сапернікамі былі «Барселона», «Баер», «Рома». У 16 гадоў трапіў у галоўную каманду БАТЭ, дзе галоўным трэнерам быў Аляксандр Уладзіміравіч Ермаковіч (цяпер трэнер ФК «Урал» – заўв.).

– Памятаеш першую трэніроўку ў галоўнай камандзе?

– Такое не забываецца. Галава кружылася. У той камандзе былі Аляксандр Глеб, Ягор Філіпенка і іншыя зоркі. У 16 год быць у такой камандзе! Неўзабаве дэбютаваў тамака. У тым сезоне я быў самым маладым гульцом чэмпіянату Беларусі.

– Ты сказаў, што пачаў займацца футболам у 12 гадоў. Чым да гэтага займаўся?

– Шмат чым. Каратэ, дзюдо. У 9 год прасіў бацькоў адвесці мяне ў музычную школу. Жадаў гуляць на скрыпцы (смяецца). Мяне запісалі, я пайшоў туды. Але праз тыдзень у мяне знікла жаданне.

– Скрыпку паспелі набыць?

– Не, на шчасце. Але вось кімано мне паспелі купіць. Хаця недзе месяц хадзіў на караце. Надоўга мяне нічога не прываблівала так, як футбол. Але да 12 гадоў лекары не дазвалялі мне займацца футболам. Была ўзроставая праблема з пяткай. Косць яшчэ не сфармавалася і пасля кожнай трэніроўкі балела пятка. Гадоў у 8 гэта было. Але ўсё роўна гуляў часам у двары. А ў 12 гадоў зразумеў, што жадаю займацца толькі футболам.

– Цікавая гісторыя. Як быццам казка.

– Так, двор у мяне шмат уклаў. Але гэта не самае дзіўнае. Ведаю хлопца, які ў 14 гадоў пачаў займацца футболам і зараз гуляе ў Чэмпіянаце Беларусі. Улад Мялько. Таксама, дарэчы, іграе на фланзе абароны. Лічу яго перспектыўным, яму ўсяго 19 гадоў, – сказаў Малькевіч.