Усе навіны

Дзмітрый Камароўскі: «Я думаю, што мы занялі сваё месца. Гэта найвышэйшы вынік у гісторыі клуба – гэта бясспрэчны факт»

2 снежня, 19:47

Галоўны трэнер «Іслачы» Дзмітрый Камароўскі падзяліўся меркаваннем пасля паразы ў 30-м туры вышэйшай лігі ад «Мінска» (1:2).

– Бронзавая інтрыга ўжо колькі гульняў была. Таму нельга сказаць, што да гэтага яна не ціснула. Мы ведалі, які супернік нам будзе супрацьстаяць у заключным туры. «Мінск» – вельмі арганізаваная каманда ў абароне, умее гуляць без мяча. У першым тайме мы не рабілі ў поўнай меры тое, пра што дамаўляліся з хлопцамі. Пасля першага прапушчанага гола заспяшаліся, сталі гуляць больш праз сярэдзіну, дзе ў суперніка была колькасная перавага абарончых футбалістаў. Пачалі часта губляць мячы. Зыходзячы з гэтага, першы тайм у нас не зусім атрымаўся, хаця моманты былі. Рэалізавалі б – зусім іншая гульня была б. Другі тайм правялі нашмат лепш, у таго ж Макася былі стоадсоткавыя моманты, але чагосьці нам не хапіла.

– У сваім дэбютным сезоне вы прывялі «Іслач» да рэкорднага чацвёртага месца. Улічваючы кадравыя перастаноўкі ў міжсезонне і праведзеную працу па ходзе сезона, можна назваць гэта поспехам для клуба?

– Такія ацэнкі хай даюць кіраўнікі клуба, спецыялісты. Мяне цешыць дынаміка развіцця каманды, і як яна рухалася па ходзе сезона. Многія звяртаюць увагу толькі на вынікі, калі ты размяшчаешся ўверсе турнірнай табліцы. Так, для мяне гэта таксама важна, але мне хацелася глядзець з розных кропак, каб убачыць, расцем мы ці не. Нават пасля параз ад «Тарпеда-БелАЗ» і «Славіі» я бачыў, што мы расцем. На сённяшні момант мы маем тое, што маем. Я думаю, што мы занялі сваё месца. Гэта найвышэйшы вынік у гісторыі клуба – гэта бясспрэчны факт. Таму недзе мы можам быць сабой задаволеныя.

– Па ходзе матчу сачылі за вынікамі канкурэнтаў?

– Не, не сачыў. Я ведаў адно: у выпадку перамогі мы зоймем найвышэйшае месца ў гісторыі клуба. Для мяне гэта было важна. Не варта марнаваць энергію на тое, што ад цябе ўжо не залежыць, – адказаў Камароўскі.