Усе навіны

К'еліні завершыць кар'еру

12 снежня, 19:39

Абаронца «Лос-Анджэлеса», былы гулец «Ювентуса» і зборнай Італіі Джорджа Келіні абвясціў пра завяршэнне футбольнай кар’еры.

«Ты быў самым прыгожым і насычаным падарожжам у маім жыцці. Ты быў для мяне ўсім. З табой я прайшоў унікальны і незабыўны шлях.

Але зараз час пачаць новыя раздзелы, сустрэцца з новымі выклікамі і напісаць новыя важныя і займальныя старонкі жыцця», – напісаў К’еліні ў інстаграме.

Кантракт 39-гадовага італьянца з «Лос-Анджэлесам» дзейнічае да 31 снежня.

Футбаліст раней таксама выступаў за «Ліворна», «Фіярэнціну» і «Ювентус», а таксама зборную Італіі.

У складзе «Юве» ён 9 разоў станавіўся чэмпіёнам Італіі, па 5 разоў выйграваў Кубак і Суперкубак краіны, двойчы даходзіў да фіналу Лігі чэмпіёнаў. З «Лос-Анджэлесам» выйграў Кубак МЛС.

Са зборнай Італіі К’еліні выйграў Еўра-2020, з алімпійскай зборнай – бронзу Гульняў-2004 года, а годам раней стаў чэмпіёнам Еўропы U-19.

Футбаліст гуляў за «Ювентус» у 2005–2022 гадах, у 561 матчы за каманду забіў 36 галоў і зрабіў 26 асістаў. Падрабязная статыстыка тут.