Усе навіны

Мікалай Шарснёў: «З-за санкцыяў мы вымушаныя хатнія матчы праводзіць за межамі Беларусі. Цяжкасцяў хапае»

12 снежня, 22:20

Старшыня АБФФ Мікалай Шарснёў падвёў вынікі сезона.

– АБФФ правяла ў 2023 годзе больш за 4500 футбольных матчаў. Гэта вялізная колькасць. Цешыць, што ўсе мерапрыемствы праведзены на добрым узроўні. Дзякуй усім, хто быў датычны да арганізацыі паядынкаў на ўсіх узроўнях.

Наступны сезон у вышэйшай лізе абяцае быць вельмі цікавым. Мінскае «Дынама» ўпершыню за 19 гадоў заваявала залатыя медалі. Упэўнены, што канкурэнты, якія з года ў год прэтэндавалі на высокія месцы, захочуць адваяваць страчаныя пазіцыі. Таму чакаецца займальная, упартая барацьба. Спадзяюся, матчы прыцягнуць на трыбуны яшчэ большую аўдыторыю гледачоў. Мяркую, заўзятары будуць нам удзячныя за тое, што мы плануем арганізаваць для іх яшчэ цікавейшыя відовішчы.

Я б назваў наступны сезон – годам станаўлення футбола. Хацеў бы выказаць падзяку тым людзям, якія дапамаглі нам у правядзенні матчаў за мяжой. Вы – нашы сябры. Вы – члены нашай вялікай футбольнай сям'і. З-за санкцыяў, як вядома, мы вымушаныя хатнія паядынкі пад эгідай УЕФА праводзіць за межамі роднай Беларусі, таму цяжкасцяў хапае, – сказаў Шарснёў.

Нагадаем, што з сакавіка 2022-га ўсе клубы і зборныя Беларусі могуць праводзіць дамашнія матчы выключна на нейтральнай тэрыторыі і без гледачоў на трыбунах. Такое рашэнне прынятае з-за вайны ва Украіне, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.